Сёлета дзень работы з насельніцтвам стартаваў з Дабейскага сельсавета

Главное Общество Президент

Расказаць, пачуць, дапамагчы

Сёлета дзень работы з насельніцтвам стартаваў з Дабейскага сельсавета. Падчас яго вяскоўцы ўзнялі шмат пытанняў.

Вясковы сход з жыхарамі вёскі Непароты.

Нагадаем, што для нашага раёна гэта традыцыйная і эфектыўная форма работы з насельніцтвам, калі на некалькі дзён на тэрыторыю пэўнага сельсавета выязджае кіраўніцтва раёна з прадстаўнікамі галоўных службаў – сацыяльнай, праваахоўнай, пажарнай – наведваюць кожную вёску, дзе сустракаюцца з сяльчанамі. У вяскоўцаў ёсць магчымасць з першых вуснаў даведацца пра раённыя справы і планы, расказаць, якія праблемы іх хвалююць. Падчас сустрэч адбываецца двухбаковы дыялог.
У рамках Дня работы з насельніцтвам кіраўніцтва раёна праводзіць выязныя прыёмы, дзень прафілактыкі і пасяджэнне савета грамадскага пункта аховы правапарадку, куды для прафілактычнай гутаркі запрашаюць законанепаслухмяных грамадзян. Вынікі падводзяцца на нарадзе ў кіраўніка раёна.
Група, якую ўзначаліла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава, адправілася ў сераду па маршруце вёскі Прыазёрная-Непароты-Бараноўскія-Горкі. Жыхарам населеных пунктаў, якія прыйшлі на сходы, нагадалі найперш пра пажарную бяспеку. Гутарка была асабліва актуальнай і злабадзённай, бо якраз у прайшоўшую ноч на тэрыторыі сельсавета, у вёсцы Мяхі, здарыўся пажар дома, у якім загінула яго 42-гадовая гаспадыня. Хутчэй за ўсё прычынай пажару стала яе неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні. У сувязі з гэтым намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый Красоўскі пераканаўча прасіў быць асцярожнымі і пры прапальванні печак, з электраправодкай і электрапрыборамі, устанавіць аўтаномны пажарны апавяшчальнік як самы надзейны спосаб выратаваць сябе пры задымленні. Нагадаў ратавальнік правілы спальвання смецця на прысядзібных участках і пра забарону выпальваць сухую расліннасць.
І ўчастковы інспектар РАУС Павел Трафімаў прасіў вяскоўцаў берагчы сябе і ўласную маёмасць, зачыняць дамы і кватэры, нават калі выходзяць на хвіліну за вадой, у хлеў ці парнік, не пакідаць без нагляду веласіпеды, не пускаць незнаёмцаў у хаты – адразу ж тэлефанаваць па нумары 102.
Вельмі дарэчы была інфармацыя загадчыцы аддзялення ТЦСАН Наталлі Юрчанковай пра дапамогу і падтрымку, якую можа аказаць цэнтр. Гаворка ішла і пра матэрыяльную адрасную дапамогу, і дапамогу спецсродкамі, і выдзяленне сацыяльных работнікаў, і магчымасць пражывання ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання. У склад групы ўваходзіла і прадстаўнік землеўпарадкавальнай службы Любоў Гырдымава, якая нагадала пра зямельнае заканадаўства і абавязак гаспадароў сачыць за парадкам на сваіх падворках і зямельных участках.

“Непарадак з гандлем і асвятленнем прыпынку”
Дзень работы з насельніцтвам мае на мэце высветліць праблемныя пытанні і па меры магчымасці вырашыць. Так, жыхароў в. Прыазёрная вельмі непакоіць стан пітной вады. Аналіз вады з вердыктам РЦГЭ дапаможа высветліць прычыну, чаму яна ржавая, з непрыемным пахам, ці можна яе наогул ужываць і як вырашаць пытанне. Прасілі жыхары пасёлка паправіць дарогу да шматпавярховак і ўладкаваць крыты навес для дзяцей, якія кожную раніцу вымушаны пад адкрытым небам чакаць школьны аўтобус.
Як высветлілася, ёсць на тэрыторыі сельсавета праблема з гандлёвым абслугоўваннем – у Непаротах і Бараноўскіх сяльчане расказалі, што ў краме на колах, якая іх абслугоўвае, адсутнічаюць цэннікі, не выдаюцца чэкі, не задавальняе асартымент. У той жа час у Горках, куды прыязджае іншая аўталаўка, былі задаволены якасцю абслугоўвання.
Папрасіў зрабіць святло на аўтобусным прыпынку самы сталы жыхар Бараноўскіх Мікалай Антонавіч Варкулевіч. Непарадак, катэгарычна заявіў ён, і ўсе прысутныя пагадзіліся з заўвагай.

Наведалі члены групы адзінокіх і інвалідаў, пацікавіліся іх жыццём і наяўнасцю хвалюючых пытанняў. За два дні раённыя службы пабывалі ва ўсіх вёсках сельсавета. Усе пытанні, узнятыя вяскоўцамі, будуць адрасаваны адказным службам для вывучэння і вырашэння.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №20 ад 13.03.2020 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *