Работники сферы культуры Шумилинского района подвели итоги работы за 2019 год, обсудили задачи на год текущий

Культура Новости

Задачы няпростыя, патэнцыял вялікі

На мінулым тыдні работнікі культуры раёна сабраліся ў актавай зале Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў, каб падвесці вынікі работы за 2019 год і акрэсліць задачы на бягучы.

У рабоце справаздачнага сходу бралі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава і намеснік начальніка ўпраўлення культуры аблвыканкама Галіна Баркевіч.
З грунтоўнай справаздачай выступіла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. Г. Навіцкая. Валянціна Георгіеўна адзначыла, што 2019 год быў вельмі насычаным на падзеі, год бягучы будзе няпростым, бо патрабуе вырашэння складаных задач. Кіраўнік галіны засяродзіла ўвагу як на рабоце галіны культуры ў цэлым, так і на кожным структурным падраздзяленні. Рэалізацыю стратэгічных мэт і задач, вызначаных дзяржаўнымі праграмамі, рэалізоўвалі 222 работнікі 38 устаноў культуры. У мінулым годзе сваю дзейнасць ажыццяўлялі 16 клубных устаноў, 18 бібліятэк, музей і яго філіял, 2 дзіцячыя школы мастацтваў і 6 сельскіх філіялаў, Дом рамёстваў і 2 яго сельскія філіялы.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава ўручае                                 Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта Ганне Каламіец,                   загадчыку аддзела народнай творчасці РЦК.

На функцыянаванне і развіццё сферы культуры з раённага бюджэту ў мінулым годзе было выдзелена амаль 1 мільён 700 тысяч рублёў. Аб’ём платных паслуг па ўсіх установах склаў больш за 53 тысячы рублёў. Толькі адна ўстанова не выканала гадавое заданне.
Дакладчык адзначыла, што асноўная дзейнасць устаноў культуры была накіравана на выкананне базавых абавязацельстваў сферы культуры, фарміраванне адзінай культурнай прасторы раёна, у сувязі з чым асаблівая ўвага ўдзялялася павышэнню якасці паслуг, арганізацыі і правядзенню масавых відовішчных мерапрыемстваў раённага і абласнога маштабу, актыўнаму ўдзелу ў мерапрыемствах рознага ўзроўню. Так, за мінулы год работнікі культуры арганізавалі і правялі амаль 4450 мерапрыемстваў, самадзейныя калектывы і выканаўцы выязджалі на 30 мерапрыемстваў і конкурсаў за межы раёна, заваявалі нямала ўзнагарод.
Культурныя ўстановы раёна па-ранейшаму з’яўляюцца цэнтрамі самадзейнай народнай творчасці. Усяго ў раёне вядуць работу 134 фарміраванні, з іх 86 дзіцячых, з колькасцю ўдзельнікаў звыш 1500 чалавек. Шаснаццаць калектываў маюць званне “народны”, шэсць – “узорны”. У снежні 2019 года калектыву барабаншчыц “Экспрэсія” Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў прысвоена ганаровае званне “ўзорны”. Падрыхтаваны пакет дакументаў на аднаго навучэнца Шумілінскай ДШМ для заахвочвання са спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па пад-трымцы таленавітай моладзі. 7 вучняў гэтай школы атрымалі летась прэмію райвыканкама па падтрымцы таленавітай моладзі.
В. Г. Навіцкая падзякавала работнікам культуры за плённую работу, адданасць абранай справе, пажадала новых цікавых праектаў, ідэй і здароўя на іх увасабленне.

Намеснік начальніка ўпраўлення культуры аблвыканкама Галіна Баркевіч віншуе Ларысу Цыркунову, кіраўніка народнага фальклорнага гурта “Гульбічы”

Ацэнку работы ўстаноў культуры Шуміліншчыны дала ў выступленні Галіна Баркевіч, падкрэсліўшы, што “шумілінцам, сапраўды, ёсць за што сказаць дзякуй, у шумілінцаў вялікі патэнцыял для работы і вялікі фронт работы”. Час патрабуе сучасных падыходаў, форм і метадаў работы з насельніцтвам, прасоўвання брэндавых мерапрыемстваў і больш ініцыятывы.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава адзначыла вялікую ролю ўстаноў культуры ў сацыяльна-эканамічным развіцці раёна. Ніводнае знакавае мерапрыемства не прайшло без удзелу калектываў устаноў культуры. Яна падзякавала прысутным за творчасць, прафесіяналізм і актыўную жыццёвую пазіцыю, нацэліла на пошук новых ідэй і праектаў.
На нарадзе былі заслуханы справаздачы старшыні райкама прафсаюзаў работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Алены Сініцкай аб рабоце за 2019 год і старшыні камісіі па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Таццяны Цэрах.
Завяршылася мерапрыемства ўзнагароджаннем лепшых работнікаў і калектываў і канцэртам артыстаў Гарадоцкага раёна.
Алена КАРПУШЭНКА.

Віншуем з узнагародай!
Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў узнагароджана Іванова Святлана Віктараўна, дырэктар Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея.
Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта ўзнагароджана Каламіец Ганна Іванаўна, загадчык аддзела народнай творчасці Шумілінскага раённага цэнтра культуры.
Падзяка старшыні раённага выканаўчага камітэта ўручана Жаваранкавай Нэлі Іванаўне, выкладчыку Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў.
Ганаровымі граматамі ўпраўлення культуры аблвыканкама ўзнагароджаны: Цыркунова Ларыса Іванаўна, кіраўнік народнага фальклорнага гурта “Гульбічы”, Бубен Ала Мікалаеўна, загадчыца Дабейскай сельскай бібліятэкі, Тарасава Людміла Віктараўна, загадчыца Мішневіцкай сельскай бібліятэкі, Кадукова Жанна Іванаўна, загадчыца Грудзінаўскага сельскага клуба-бібліятэкі.
Апублікавана ў №21 ад 17.03.2020 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *