Ветераны Шумилинского района присоединяются к АПБ

Актуалии Общество

Ветераны в Шумилинском районном Центре детей и молодёжи

“Усе ўзросты птушкам падуладныя пад  такой назвай распачала ўнікальны праект грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ). Праект стартаваў летась, а нядаўна яго пачалі рэалізоўваць і ў нашым раёне.
Праект падтрымлівае нямецкі фонд “Памяць, адказнасць, будучыня” і ажыццяўляецца АПБ у супрацоўніцтве з міжнародным грамадскім аб’яднаннем “Узаемаразуменне”. На Шуміліншчыне праект будуць рэалізоўваць раённая арганізацыя АПБ і раённая арганізацыя ветэранаў.
Людзі сталага ўзросту… Як знайсці сябе, чым заняць вольныя хвіліны? Якім сэнсам напоўніць будні? Дапамагчы пажылым людзям знайсці адказы на гэтыя няпростыя пытанні спрабуюць у  “Ахове птушак Бацькаўшчыны”.
У выніку даследавання, што правяло АПБ па рэспубліцы, высветлена, што менавіта пажылыя людзі ўяўляюць сабой самую актыўную сацыяльную групу пры вырашэнні  экалагічных праблем, у тым ліку і “птушыных”. Так нарадзілася ідэя праекта, які закрануў не толькі эколага-асветніцкія, прыродаахоўныя пытанні, але і пытанні сацыяльнага характару. Яго мэта — прыцягненне пажылых людзей да натуралістычнай дзейнасці. Пры гэтым, ідэя сацыяльнай рэабілітацыі пенсіянераў — адна з цэнтральных у праекце.
“Назіранні за птушкамі, дапамога ім узімку, вывучэнне іх звычак — усё гэта можа стаць тым заняткам, які арганізуе вольны час пенсіянераў, надасць новы сэнс нялёгкаму жыццю хворых і састарэлых людзей, запаліць радасную іскрынку ў іх душах,” — лічыць каардынатар праекта Лідзія Пшаніцына. Аднак і гэта яшчэ не ўсё. У АПБ спадзяюцца, што з цягам часу з дапамогай удзельнікаў праекта, якія атрымаюць спецыяльную падрыхтоўку, магчыма будзе пашырыць і сетку захавальнікаў тэрыторый, важных для птушак. Замежны вопыт будзе вельмі дарэчы: у Каралеўскім таварыстве аховы птушак Вялікабрытаніі (RSPB), адным з галоўных партнёраў “Аховы птушак Бацькаўшчыны”, велізарная колькасць пенсіянераў працуе валанцёрамі ў інфармацыйных цэнтрах. Пажылыя людзі там кансультуюць наведвальнікаў, выдаюць абсталяванне назіральнікам за птушкамі, праводзяць экскурсіі для турыстаў.
У рамках праекта “Усе ўзросты птушкам падуладныя” на мінулым тыдні ў раённым цэнтры дзяцей і моладзі адбылася першая сустрэча. Старшыня раённай арганізацыі ветэранаў К. Ф. Палоўнікава адзначыла, што падобныя формы работы дазволяць людзям старэйшага пакалення актыўна дзяліцца сваім багатым жыццёвым вопытам з маладым пакаленнем. “Гэта вельмі добра, што мы будзем часцей збірацца разам, — падкрэсліла Кацярына Фамінічна, — у нас багата ідэй і цудоўна, што яны знаходзяць падтрымку…”
Пра планы расказала старшыня раённай арганізацыі АПБ Іна Сінкевіч. Найперш, удзел у рэспубліканскіх экалагічных акцыях “Салаўіныя ночы”, падлікі птушак. Таксама прапануецца паўдзельнічаць у розных майстар-класах, будуць арганізаваны прагляды відэафільмаў і проста сустрэчы за гарбатай. Дарэчы, калі Іна Уладзіміраўна гаварыла пра планы, ветэраны і самі пачалі ўносіць свае прапановы. А гэта сведчыць пра тое, што праект іх зацікавіў.
Завяршылася першая сустрэча агляднай экскурсіяй па кабінетах раённага цэнтра дзяцей і моладзі (на здымку) і сумесным чаяваннем.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №95 ад 09.12.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *