Криминал. Происшествия

Происшествия

Здарэнні. Крымінал
Пра здарэнні ў раёне расказаў намеснік начальніка РАУС Аляксандр Шумінскі.

З нажом
Паміж жыхаром Гарадка, які прыехаў да сужыцелькі ў Шуміліна, і нашым земляком склаліся непрыязныя адносіны. Раней неаднаразова судзімы жыхар суседняга раёна накінуўся на шумілінца з нажом. Нанёс у спіну раны, якія адносяцца да катэгорыі лёгкіх цялесных пашкоджанняў. Узбуджана крымінальная справа. Максімальнае пакаранне, што пагражае жыхару Гарадка, – папраўчыя работы або арышт да аднаго года.

Грошы
Па матэрыялах праверкі работнікаў групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі РАУС узбуджана крымінальная справа супраць загадчыцы адной з фермаў раёна. Як высветлілася, жанчына ад імя работнікаў фермы пісала заявы на пакупку буйной рагатай жывёлы. А на самой справе жывёлы ўжо не было ў жывых. Максімальнае пакаранне, што пагражае загадчыцы фермы, – пазбаўленне волі да 6 гадоў са штрафам або без штрафу.

Са зводак ДАІ

Акцыя
Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі правялі прафілактычнае мерапрыемства пад назвай «Той выдатны пешаход, хто па правілах ідзе», накіраванае на прафілактыку дарожна-транспартных здарэнняў. Супрацоўнікі ДАІ расказвалі пешаходам, наколькі важна прытрымлівацца Правілаў дарожнага руху, у цёмны час сутак пазначаць сябе святловяртальнымі элементамі. У мінулым годзе на тэрыторыі нашага раёна загінулі трое пешаходаў, усе яны не былі пазначаны флікерамі. Сёлета супрацоўнікі ДАІ выявілі 16 парушальнікаў-пешаходаў, з якіх 6 былі ў стане алкагольнага ап’янення. Сярод распаўсюджаных парушэнняў – пераход пешаходамі дарогі па-за ўстаноўленых месцаў.

Не прыпыніўся
Падчас дзяжурства ў Лескавічах супрацоўнікі ДАІ паспрабавалі спыніць мясцовага жыхара, які ехаў на аўтамабілі «Сеат». Але мужчына не выканаў патрабаванні работнікаў дарожна-патрульнай службы. Як потым высветлілася, вадзіцель быў у стане алкагольнага ап’янення. Вяскоўцу па-гражае штраф ад 50 да 100 БВ і пазбаўленне вадзіцельскіх правоў ад 3 да 5 гадоў.

14 парушэнняў
За мінулыя выхадныя на тэрыторыі раёна было выяўлена 6 парушэнняў праезду на забараняючае святло святлафора, 4 вадзіцелі не прапусцілі пешаходаў на нерэгулюемым пешаходным пераходзе (штраф да 5 БВ), 2 вадзіцелі селі за руль аўто, не маючы правоў кіравання (штраф ад 5 да 15 БВ), 2 пешаходы перайшлі праезную частку дарогі па-за ўстаноўленым месцы (штраф ад 1 да 3 БВ).
Людміла ЗУЙКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *