Увага – установам адукацыі Шуміліна і Обалі

Главное Новости

Увага – установам адукацыі Шуміліна і Обалі

У аўторак з рабочым візітам наш раён наведалі старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў і начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома. У цэнтры ўвагі былі пытанні рэалізацыі ў раёне праграмы развіцця малых гарадоў і падрыхтоўкі сацыяльных аб’ектаў, у прыватнасці ўстаноў адукацыі, да абласнога свята «Дажынкі-2021», якое пройдзе ў наступным годзе ў Шуміліне.

– Задача органаў улады – стварыць у кожным раёне школу будучыні. У Шумілінскім раёне гэта будзе СШ № 1, – адзначыў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Уладзіміравіч Цярэнцьеў. – У рамках падрыхтоўкі да «Дажынак» трэба па максімуму стварыць у школе ўмовы для ўсебаковага развіцця дзяцей, аснасціць установу самым сучасным абсталяваннем, стварыць камфортныя ўмовы для вучобы дзяцей і працы настаўнікаў. Галоўная задача школы будучага – даць магчымасць дзецям знайсці сябе ў прафесіі.
– Упраўленню па адукацыі важна, каб грошы, якія выдзяляюцца з бюджэту, укладваліся разумна, з перспектывай, – сказаў Дзмітрый Хома. – Чаму мы будзем набываць робатаў, станкі ўстанаўліваць, будзем ствараць умовы для таго, каб была добрая актавая зала, музычная апаратура, спартзала? А ўсё для таго, каб дзеці ў час вучобы, яшчэ ў сценах школы, дакладна маглі зразумець, кім яны хочуць стаць. Безумоўна, калі ўкладваюцца бюджэтныя сродкі, хочацца каб і вынікі вучэбнай дзейнасці былі іншыя.
Так, па Шумілінскай СШ № 1 многае зроблена, работы часткова вяліся летась і пазалетась. Тым не менш, яшчэ больш трэба зрабіць. «Аб’ёмы вялікія, часу нямнога, – падкрэсліў кіраўнік абласнога ўпраўлення. – Улічваючы спецыфіку вучэбнага працэсу, у нашым распараджэнні чэрвень-жнівень. За два гады мы плануем справіцца з пастаўленымі задачамі». У прыватнасці, на гэты год запланаваныя работы – гэта рамонт актавай залы, харчаблоку, спартыўнай залы. На гэтыя мэты з абласнога бюджэту выдзелены 1 мільён рублёў. Для выканання ўсіх запланаваных на гэты год работ неабходны дадатковыя грашовыя асігнаванні.
Першачарговая задача па ўстановах адукацыі Обалі – палепшыць умовы і рашыць найбольш балючыя праблемы. Так, сёлета па праграме развіцця малых гарадоў у дзіцячым садзе будзе адрамантаваны дах, заменена асвятленне, праведзены рамонт харчаблоку, зроблена асфальтаванне тэрыторыі. Па школе ўжо зараз вядуцца работы – рамантуецца фасад, будзе праведзены бягучы рамонт харчаблоку, зроблены санвузлы, заменена асвятленне, добраўпарадкаваны ўнутраны дворык. Частка работ па Обальскай школе была праведзена ў 2017 годзе. На гэты год обальскім установам адукацыі выдаткаваны 1 мільён рублёў.
Учора на Віцебскай абласной сесіі дэпутаты разглядалі пытанне аб дадатковым фінансаванні ўстаноў адукацыі Шумілінскага раёна. Хочацца спадзявацца, што пытанне вырашана станоўча. Нам гэтыя сродкі жыццёва неабходныя.
Падчас візіту госці разам з кіраўніцтвам раёна пабывалі ў раённым цэнтры дзяцей і моладзі, Шумілінскай СШ № 1, Шумілінскай СШ № 2, Обальскай СШ і Обальскім дзіцячым садку, азнаёміліся з матэрыяльна-тэхнічнай базай, паглядзелі, як ідуць будаўнічыя работы ў Обальскай школе.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №24 ад 27.03.2020 г.

На здымку (справа налева): В. С. Гутараў, І. М. Новікава, У. У. Цярэнцьеў, В. В. Мянькова, І. І. Шалахава і Д. Л. Хома.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *