«АграБаравінка» плануе засеяць 900 гектараў яравых зерневых і 400 гектараў кукурузы.

Главное Сельское хозяйство

Вясна абудзіла палеткі

Пасля зімовага зацішша вясна абудзіла палеткі. У гаспадарках раёна вядзецца вываз і ўнясенне арганікі, ворыва, культывацыя, падсеў траў. У гэтыя перадпасяўныя клопаты актыўна ўключыліся механізатары ААТ «АграБаравінка».

Ігар Пятроў і Віктар Туркоў на палетках у Дубраўскіх.

У планах сельгаспрадпрыемства – засеяць 900 гектараў яравых зерневых, 400 гектараў кукурузы. На мінулым тыдні пачалі рыхтаваць глебу да сяўбы. За ворыва ў адказе мясцовы механізатар Мікалай Талдыкін. На раніцу 30 сакавіка было ўзарана 85 гектараў. Апрацоўвае глебу за плугамі Ігар Пятроў – да яго трактара прычэплены дыскатары.
Сакавіцкае сонца ўмомант прагравала і падсушвала зямлю пасля ворыва. Так што ўслед за дыскатарам утвараўся слуп пылу. Палеткі гатовы да сяўбы, якую мяркуюць распачаць на днях.
Непадалёк ад Дубраўскіх рыхтаваў глебу да сяўбы яравых зерневых Сяргей Лісоўскі. «Палеткі больш-менш роўныя, трактар ідзе лёгка, – кажа Сяргей. – За дзень рыхтую да сяўбы па 13-14 гектараў. А ўвогуле ў гаспадарцы падрыхтавана больш за сто гектараў – хоць сёння выязджай ды засявай».
Але з гэтай работай не спяшаюцца – сіноптыкі абяцаюць маразы. «Увогуле ў гаспадарцы ўсё гатова да пасяўной кампаніі, чакаем толькі каманды, – кажуць дырэктар гаспадаркі Уладзімір Арлоў і яго намеснік па вытворчасці Віктар Туркоў. – Настройваем механізатарскі калектыў на сур’ёзную работу – пасяўную трэба правесці за дзесяць дзён. Абы надвор’е не падвяло і тэхніка не псавалася. Насення свайго хапае, крыху яшчэ дакупім эліты ў “Віцебскнасентравах”. Падчас пасяўной абяцалі дапамагчы і з Віцебскага мясакамбіната, у структуру якога ўвайшла наша гаспадарка. Яшчэ толькі ідзе афармленне дакументаў, але мы ўжо адчулі, што холдынг да нас неабыякавы: нам выдзелены бензавоз, абяцалі дапамагчы з мінеральнымі ўгнаеннямі, якіх у нас на сённяшні дзень увогуле няма. Што тычыцца тэхнікі і людзей, думаем, што справімся сваімі сіламі. У гаспадарцы многа вопытных і надзейных механізатараў».
Паралельна з падрыхтоўкай глебы ў «АграБаравінцы» актыўна вя-дзецца падсеў шматгадовых траў па азімых зерневых. Гэтай работай займаецца Вячаслаў Дубінін, на ўчарашні дзень на яго рахунку было амаль 140 гектараў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №25 ад 31.03.2020 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *