Волонтёрский проект Красного Креста активно работает в деревне Николаево Шумилинского района

Актуалии Общество

Ф. П. Бизунова

Валанцёры – гэта міласэрнасць і клопат
Тыя, хто добра ведае Фаіну Паўлаўну Бізунову (на здымку), пагадзяцца, што ў сэрцы гэтай жанчыны, якая ўсю сябе аддае клопатам пра знямоглых і састарэлых, жыве дабрыня і спагада. З маладосці Фаіна Паўлаўна брала на сябе грамадскія абавязкі, дапамагала людзям. У гушчы падзей і зараз, хоць і знаходзіцца на заслужаным адпачынку.
З Віцебска жанчына пераехала жыць у бацькоўскі дом у Мікалаёве. І калі год таму па ініцыятыве абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа ў нашым раёне стартаваў міні-праект “Міласэрнасць”. Узначаліць яго прапанавалі Фаіне Мікалаеўне. Першымі гэты праект і падтрымалі менавіта ў Мікалаёве. Праўда, яшчэ задоўга да праекта некаторыя вяскоўцы бралі шэфства над нямоглымі суседзямі, знаёмымі. Не лічыліся з часам, дапамагалі, чым маглі.
“Вось такія міласэрныя людзі і склалі  касцяк валанцёрскай групы, – гаворыць Ф. П. Бізунова. – Напачатку ў нас было ўсяго сем валанцёраў, а цяпер іх дванаццаць.  Разам мы абслугоўваем больш за дваццаць сем’яў у Мікалаёве, Андрэеве, Кардоне, Гусінцах. Прыемна, што рады валанцёраў папаўняюць усё новыя людзі. Напрыклад, далучыўся да нашай арганізацыі загадчык мясцовага клуба Аляксандр Іванавіч Казлоў, выказала жаданне быць валанцёрам і ягоная жонка Ніна Паўлаўна”.
Да старэйшых валанцёраў далучаецца і моладзь. Як, напрыклад, Кацярына Іспянькова з Мікалаёва. Дзяўчына вучыцца ў адзінаццатым класе Кардонскай школы. Тым не менш знаходзіць час і на міласэрнасць. “Разам з валанцёрамі хаджу да бабулек з Мікалаёва, дапамагаю, – расказвае Кацярына. – А яшчэ я люблю спяваць, мне падабаецца дарыць свае песні бабулям і дзядулям – яны такія ўдзячныя гледачы”.
Мікалаёўскія валанцёры з’яўляюцца ініцыятарамі і пачынальнікамі многіх карысных спраў. Напрыклад, летам пасля моцнага ўрагану арганізавалі суботнік на грамадскіх могілках. Праўда, спачатку меркавалі, што прыбяруць толькі галлё ды невялікія дрэвы, якія ўпалі. А выйшла так, што навялі парадак. Валанцёрам дапамагала ўся вёска.
“Вядома, такія грамадскія акцыі праводзім па меры неабходнасці, – працягвае размову Фаіна Паўлаўна. – А ў асноўным займаемся штодзённай работай: наведваем на даму састарэлых, інвалідаў, адзінока пражываючых. Нясём ім прадукты, лякарствы, мыем падлогу і вокны, варым суп. А некаторым нашым падапечным патрэбна проста ўвага. Яны сядзяць ля акна і чакаюць нас, каб абмеркаваць апошнія навіны ў краіне, расказаць пра сваіх унукаў, пра рэцэпт лячэння гіпертаніі… Дапамагаем і малазабяспечаным людзям. Іх наведваем разам з нашым ксяндзом. Напрыклад, сям’і Тараса Гушчы перадалі  шмат дзіцячых рэчаў, сабраных раённай арганізацыяй Чырвонага Крыжа”.
У валанцёраў ёсць уласная бензапіла. Калі, скажам, патрэбна пенсіянеру парэзаць дровы, наймаюць кагосьці з вяскоўцаў. Хоць і за грошы, але ўсё роўна дапамога – паспрабуй інваліду ці састарэламу знайсці талковага работніка. А ёсць і такія мужчыны, якія дапамагаюць бясплатна, па дабраце душэўнай. Сярод такіх Фаіна Паўлаўна назвала Уладзіміра Пятровіча Аглушэвіча.
“А нядаўна мы пабагацелі на газонакасілку, – расказвае Ф. П. Бізунова. – Яе атрымалі дзякуючы швейцарскаму, аўстрыйскаму і нямецкаму Чырвоным Крыжам, якія фінансуюць праект  “Міласэрнасць”. З газонакасілкай нам будзе лягчэй наводзіць парадак на падворках нашых падапечных, абкошваць канавы, каб не рос быльнёг”.
Мікалаёўскія валанцёры наведваюцца і ў мясцовую бальніцу. Рыхтавалі для пацыентаў бальніцы канцэрты на Ражаство, 8 Сакавіка, да Дня абаронцаў Айчыны. Цяпер рыхтуюцца да Новага года, рыхтуюць не толькі канцэрт, але і невялічкія сувеніры.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №96 ад 13.12.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *