Тэма тыдня: Эканоміка і жыццё людзей – пытанне нумар адзін

Главное Тема недели

Тэма тыдня: Эканоміка і жыццё людзей – пытанне нумар адзін

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 красавіка правёў нараду аб пастаўках нафты ў краіну і заслухаў даклад аб гатоўнасці сістэмы аховы здароўя процідзейнічаць пагрозам распаўсюджвання каронавірусу.

«Маючы адкрытую эканоміку, мы шмат у чым залежым ад тых працэсаў, якія развіваюцца ў свеце. Падзеі развіваюцца часам неадназначна. Таму мной запланаваны шэраг мерапрыемстваў па пытаннях, якія цяпер патрабуюць рэагавання ў найбольшай ступені і перш за ўсё ўплываюць на нашу эканоміку. Падкрэсліваю, гэта галоўнае. Эканоміка, а значыць, жыццё людзей, не толькі сёння, але і ў перспектыве – пытанне нумар адзін. Усё павінна быць падпарадкавана гэтаму пытанню», – заявіў беларускі лідар на нарадзе аб пастаўках нафты ў Беларусь.
Гаворачы пра падзеі, што адбываюцца ў свеце, уключаючы спад цэн на нафту, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў гэтай сітуацыі неабходна зарыентавацца і, калі неабходна, прыстасаваць эканоміку краіны і грамадства да таго, каб не панесці страты.
«На непрадбачаныя выпадкі неабходна ствараць сур’ёзны запас сыравіны (як нафты, так і паліва), які дасць магчымасць не парушаць работу галін і не перапыняць тэхналагічныя працэсы», – заявіў кіраўнік дзяржавы.

Забяспечыць устойлівую работу сельскай гаспадаркі
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, пытанне харчавання ва ўсім свеце будзе стаяць вельмі востра. «Нафта нафтай, але яе на стол не падасі, – падкрэсліў беларускі лідар. – Таму я патрабую ў найкарацейшыя тэрміны завяршыць пасяўную кампанію. І ўвесь цыкл сельгасработ на працягу года ўзяць на вельмі строгі кантроль. Гэта датычыцца памочнікаў прэзідэнта і ўпаўнаважаных па абласцях».
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў прыярытэце павінна быць харчовая бяспека краіны.

«Ніхто барацьбу не аслабляе»
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад аб гатоўнасці сістэмы аховы здароўя процідзейнічаць пагрозам распаўсюджвання каронавірусу.
Удзельнікамі нарады сталі члены ўрада, кіраўнікі абедзвюх палат парламента і дзяржаўных органаў, губернатары, начальнікі ўпраўленняў аховы здароўя аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, кіраўнікі ўстаноў аховы здароўя і РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі – усяго 30 чалавек.
«Мы будзем абмяркоўваць работу сістэмы аховы здароўя. На першы план вылучаецца галіна барацьбы з інфекцыйнымі захворваннямі. Вельмі цесна праблема звязана з эканомікай нашай краіны. Павінен сказаць, што ў пэўнай ступені, магчыма, і з будучым існаваннем нашай рэспублікі, таму што ніхто з вас не можа сказаць, што адбу-дзецца з сусветам пасля гэтай хваробы і псіхозу, які спарадзіла гэта хвароба. Мы не ведаем задумы лідараў вялікіх дзяржаў, як яны скарыстаюцца гэтай сітуацыяй. Але з гісторыі мы ведаем, што кожны карыстаецца сітуацыяй так, як ён лічыць патрэбным і выгадным для сябе», – заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу: у Беларусі не аслабляюць барацьбу з віруснымі захворваннямі. Але рашэнні прымаюцца зыходзячы з сітуацыі і рэсурсаў.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу медыкаў: іх першы абавязак – лячыць людзей і, калі трэба супакоіць грамадства, расказаўшы пра сваю работу.
Паводле слоў Прэзідэнта, яму штодзень дакладваюць, як развіваецца сітуацыя з распаўсюджваннем каронавірусу ў Беларусі, якая дынаміка ў іншых краінах.
«Мы павінны змагацца за кожнага чалавека, асабліва калі размова ідзе пра старых людзей. І калі мы хочам, каб потым нашы дзеці нас абаранялі і змагаліся за наша жыццё, мы павінны змагацца за жыццё кожнага старога, таму што, на няшчасце, гэты вірус б’е перш за ўсё па старых людзях і па тых, хто слаба абаронены імуннай сістэмай», – звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што захворванне на каранавірус у краіне не зніжаецца, але, з іншага боку, няма і лавінападобнага нарастання. Прэзідэнт дадаў, што сітуацыя з каронавірусам таксама дапамагла ўзварухнуць сістэму аховы здароўя і выявіць у ёй некаторыя праблемы. Кіраўнік краіны даў заданне ўраду да канца тыдня забяспечыць вытворчасць неабходнай для медыцынскіх устаноў колькасцю спецадзення і сродкаў індывідуальнай аховы.
Па матэрыялах БЕЛТА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *