У Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі – “Час анёлаў”

Культура Новости

“Час анёлаў”

У Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі працуе цікавая выстава “Час анёлаў”, якая пацвярджае, што прыгажосць можна ствараць з чаго заўгодна, галоўнае мець фантазію, жаданне, ну і рукі, канешне.

“Паглядзіце, звычайныя рэшткі ад рэкламнай плёнкі, – паказала на жменьку шматочкаў падчас адкрыцця выставы ідэйны натхняльнік і аўтар праекта Валянціна Іванаўна Маісеенка, супрацоўнік Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. – А цяпер давайце паглядзім, што з гэтага можна зрабіць”.
24 работы прадстаўлены на выставе. Практычна ўсе яны аўтарскія, выкананыя настаўнікамі Віцебшчыны падчас іх вучобы ў Віцебскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. У аснове работ – тэхніка аплікацыі, з элементамі выцінанкі і іншых тэхнік. Свайго роду перформанс.
Арыгінальны і абраны сюжэт работ – анёльская тэма, дарэчы, упадабаная ва ўсе часы мастакамі і паэтамі. Анёлы ідуць з намі па жыцці, засцерагаюць, натхняюць, нагадваюць пра сэнс жыцця. Яны нясуць нам пасыл пра дабрыню, міласэрнасць і спагаду, прабуджаючы гэтыя самыя высакародныя пачуцці ў нас саміх. Магчыма, менавіта таму ад кожнай работы вее цеплынёй і дабрынёй.
У рамках выставы супрацоўнікі музея распрацавалі спецыяльныя заняткі, дзе можна даведацца пра паданні і прытчы пра анёлаў, а таксама зрабіць незвычайную закладку для кніг менавіта з гэтых самых абрэзкаў з рэкламнай плёнкі, якія паслужылі выдатнай асновай для стварэння незвычайнай выставы.
Выстава “Час анёлаў” будзе працаваць да канца красавіка.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №28 ад 10.04.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *