Больше 30 лет работает в санитарной службе района Надежда Скрипкина

Грамадства Здароўе

На  варце  здароўя  людзей

Работа, якой займаецца памочнік урача-эпідэміёлага Надзея Мікалаеўна Скрыпкіна, надзвычай актуальная ў сённяшнія дні. Спецыяліст вядзе аддзел імунапрафілактыкі і паветранакропельнай інфекцыі ў Шумілінскім раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.

 

  – Трыццаць тры гады мінула, як я прыйшла сюды на работу. І ніколі не пашкадавала пра выбраную прафесію, – падкрэслівае Надзея Мікалаеўна.

   Пасля заканчэння школы На-дзея Скрыпкіна паступіла ў Віцебскае медыцынскае вучылішча, пасля па размеркаванні працавала ў санстанцыі ў Іўеўскім раёне, што на Гродзеншчыне. «Заўсёды хацелася працаваць на радзіме, у Шуміліне, – прызнаецца Надзея Мікалаеўна. – У 1987 годзе, калі скончылася адпрацоўка, уладкавалася памочнікам урача-эпідэміёлага ў Шумілінскай санстанцыі (зараз РЦГЭ)».  Работа ў эпідэміялагічным аддзеле патрабавала не толькі ведаў, але і ўмення кантактаваць з людзьмі, пераконваць іх,  выступаць з лекцыямі, трымаць справаздачы. 

  У ліку галоўных задач спецыя-лістаў-эпідэміёлагаў і работнікаў іншых аддзелаў РЦГЭ Надзея Мікалаеўна адзначыла выяўленне і спыненне парушэнняў санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства, ажыццяўленне гігіенічнага выхавання і навучання насельніцтва. «Радуе, што сумеснымі з іншымі службамі намаганнямі ў раёне падтрымліваецца стабільная эпідэміялагічная абстаноўка. Даўно не рэгіструюцца многія небяспечныя захворванні, па іншых дасягнута значнае зніжэнне. Гэта і ёсць плён нашай працы», – пераканана жанчына.

   Дарэчы, пра імунізацыю насельніцтва, якая таксама ўваходзіць ў яе службовыя абавязкі, Надзея Скрыпкіна можа расказваць доўга і пераканаўча.

– Прышчэпкі дазваляюць стварыць так званы калектыўны імунітэт, – расказвае спецыяліст. – Не магу зразумець і падтрымаць тых людзей, якія адмаўляюцца ад вакцынацыі. Хочацца прывесці, напрыклад,  некалькі лічбаў па грыпе. Сёння, калі да 40% насельніцтва раёна прышчэплены, за год рэгіструюцца адзінкавыя выпадкі захворвання на грып. А ў 2009 годзе, калі масавай вакцынацыі супраць грыпу не было, хварэлі 220 чалавек.

   У рабочым кабінеце Надзеі  Мікалаеўны шмат розных  папак з дакументамі. З іх можна даведацца пра здароўе насельніцтва Шуміліншчыны, прафілактычныя мерапрыемствы і іншае. Шмат інфармацыі зараз захоўваецца ў электронным выглядзе. Камп’ютарныя праграмы аблягчаюць вядзенне дакументацыі, складанне справаздач, даюць магчымасць без затрымак знаёміцца з новымі заканадаўчымі дакументамі, якія маюць дачыненне да дзейнасці санітарнай службы.

  За добрасумленную шматгадовую працу і прафесіяналізм прозвішча Надзеі Мікалаеўны Скрыпкінай занесена на раённую Дошку гонару.

  Чытачам раённай газеты Надзея Скрыпкіна, акрамя своечасовай вакцынацыі, раіць заўсёды выконваць рэспіраторны этыкет (рэгулярна мыць рукі з мылам, прыкрываць рот і адварочвацца ад чалавека пры кашлі і чханні, падчас росту віруснай інфекцыі – пазбягаць поціскаў рукі і наведвання месцаў масавай канцэнтрацыі людзей) і тады можна быць ўпэўненым, што ніякая хвароба вам не страшна.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *