Что у вас на обед? Почти 200 механизаторов Шумилинского района обедают в поле

Сельское хозяйство

На поле – амаль дзвесце абедаў

У гарачыя для сельгаспрадпрыемстваў дні, калі на палетках работы вядуцца ў комплексе і дарагая кожная хвіліна, прафсаюзныя пярвічкі сельгарганізацый клапоцяцца пра спрыяльныя ўмовы работы для механізатараў. Сюды адносяцца не толькі спрыяльныя ўмовы для работы і ахова працы, але і харчаванне, якое падвозяць прама на палеткі. У палявых умовах харчуюцца амаль дзвесце механізатараў раёна.

Святлана Курносава кажа, што апетыт на полі ў мужчын адменны

Вялікая нагрузка ў гэтыя вясеннія дні кладзецца на повараў сельгаспрадпрыемства «Лаўжанскае», якія гатуюць абеды не толькі для сваіх работнікаў, але і для ААТ «АграБаравінка» і УП «Шумілінскі райаграсэрвіс».
– Добрыя прывозяць абеды, порцыі вялікія, – расказалі механізатары «АграБаравінкі». – Катлеты ідуць за мілую душу.
У Мікіцісе ёсць яшчэ адна сталовая, якая належыць індывідуальнаму прадпрымальніку Васілю Мацуганаву. Ужо не першы год повары на пасяўной і ўборачнай гатуюць абеды для КУСГП «Ульскі» і ААТ «Прыазёрны мір».
У СФГ «Раднік» і КУСГП «Мішневічы» ёсць уласныя сталовыя. Адсюль таксама абеды адпраўляюцца ў поле.
Ёсць свая сталоўка і ў ААТ «Ляжні». У прыпар вясенне-летніх работ з года ў год за пліту становіцца мясцовы загадчык гаспадаркі Святлана Курносава. Калі ў мінулыя гады яна карміла толькі сваіх механізатараў, то сёлета прыбавілася яшчэ і прыдзвінскіх.
– А што ў вас сёння на абед? – пытаемся ў повара разам са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольгай Пусянковай.
– Расольнік, тушаная бульба з мясам, салата са свежых памідораў і кампот, – кажа Святлана Міхайлаўна. – Апетыт на полі ў мужчын адменны. І гэта зразумела – з раніцы да позняга вечара на трактары ці машыне. Стараюцца нашы хлопцы. І мы для іх таксама стараемся: меню разнастайнае. А каб абеды былі таннейшыя, у гаспадарцы прырэзалі бычка для сталовай. Зараз вось датушыцца бульба, і мая памочніца Ганна Козырава павязе абеды на палеткі ля Крывога Сяла, а потым пакормім і ляжнёўскіх механізатараў.
Згодна з калектыўнымі дагаворамі, зацверджанымі ў сельгасарганізацыях раёна, за абеды ў механізатараў вылічваюць не больш як 20% ад кошту.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №34 ад 05.05.2020 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *