Акробатический этюд в шумилинской поликлинике … на унитазе

Общество

Пра гэта звычайна маўчаць
І зноў пра дробязі. Тыя, якія можна не заўважаць, да якіх магчыма прывыкнуць, прызвычаіцца. Магчыма, толькі – навошта? У імя і дзеля чаго?
Гэту пафасную ноту наўрад ці ўдасца вытрымаць, расказваючы ўсяго пра… санвузел. Так, так. Гэта таксама наша жыццё, прычым, жыццё ў 21 стагоддзі, якое дае натуральнае права прэтэндаваць на камфорт і ў гэтым сэнсе. Ці гэта ўжо будзе задужа?
Тым, хто хаця б аднойчы карыстаўся прыбіральняй у раённай паліклініцы, не трэба расказваць, чаго гэта каштуе. Не, я не ў сэнсе грошай. Туалеты там бясплатныя. А вось іншыя выдаткі ты абавязкова рызыкуеш панесці, калі ў бальніцы табе раптам “прыспічыла”. Не трэба скідваць з рахункаў і тое, што кантынгент у гэтай установе, як правіла, не самы здаровы, не дужа спрытны. А спрытнасць, ва ўсялякім разе нейкая спецыяльная фізічная падрыхтоўка ў бальнічным туалеце абавязкова спатрэбяцца. Не ў кожнага з першага разу можа атрымацца пакарыстацца гэтай натуральнай зручнасцю.
Для тых, хто не ў тэме. За дзвярыма запаветнага (у нейкую хвіліну) туалету на першы погляд ёсць усё: унітаз (прабачце за натуралізм), ракавіна з вадой, святло і нават урна. Але гэта толькі на першы погляд. У самую апошнюю хвіліну раптам разумееш, што паліто, якое далікатна адмовіліся прымаць у гардэробе (ён чамусьці працуе ўсяго да 15.45), сумачку і парасон прыстроіць некуды, іх прыйдзецца трымаць у руках (ці ў зубах). Потым высвятляецца, што ракавіна размешчана акурат над унітазам, што выключае саму магчымасць неяк ім пакарыстацца (не забывайце пры тым, што ў руках у вас паліто, сумачка і парасон). І што? Нейкі час стаіш у разгубленасці, але разумееш, што часу для разваг і распрацоўкі стратэгіі няма: туалет, прабачце, проста так не наведваюць. І калі пакінуць гэты “кабінет” усё ж хочацца “з пачуццём выкананага доўгу” і без асаблівых страт, то прыйдзецца сур’ёзна пастарацца. А калі табе – 80, а калі ў цябе зламаная нага, а калі ты на восьмым месяцы цяжарнасці?..
І гэта ўжо не смешна. Дадзеная канкрэтная і іншыя падобныя сітуацыі прыніжаюць чалавека, вымушаюць адчуваць сябе нязграбным і нікчэмным. А ці варта гэтага нагода?
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №98 ад 20.12.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *