Как в Шумилино отмечали Международный день музеев

Культура Новости

Узнагародзілі актывістаў і пераможцаў віктарыны

18 мая ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень музеяў. Гэтыя ачагі культуры, гістарычныя, культурныя і мастацкія скарбніцы, ёсць практычна ў кожным горадзе і пасёлку.

Людміла Шаўцова і Святлана Іванова віншуюць Галіну Бабак з перамогай у віктарыне.

Звычайна ў гэты дзень ладзяцца цікавыя экскурсіі па музейных экспазіцыях, праходзіць “Ноч музеяў”, іншыя мерапрыемствы. Сёлетняя эпідэміялагічная сітуацыя ўнесла свае карэктывы і не дала музейным работнікам адзначыць свята, як гэта было ў мінулыя гады. Тым не менш, супрацоўнікі Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея ў гэты дзень запрасілі да сябе ў госці сяброў-актывістаў і пераможцаў конкурсу-віктарыны “1418 дзён і начэй да Перамогі”, які праводзіўся да Дня Перамогі.
«Сёлета тэмай дня стала “Музеі як прастора роўных магчымасцей: разнастайнасць і інклюзія”, – расказала навуковы супрацоўнік Таццяна Цэрах. – І гэта невыпадкова. Музей як установа па сваіх напрамках дзейнасці і задачах даўно выйшла за межы першапачатковых прызначэнняў. Сёння музей – гэта фонды і выставы, конкурсы, квэсты, навучальныя праграмы з людзьмі самых розных узростаў і сацыяльных груп».
Тэма асабліва актуальна гучыць у час пандэміі, прадоўжыла дырэктар музея Святлана Іванова. Музейныя работнікі асвойваюць новыя шляхі камунікацый і прапаноўваюць новыя фарматы ўзаемадзеяння. У прыватнасці, выкарыстоўваюць магчымасці інтэрнэту, сацыяльных сетак. Так, да 75-годдзя Вялікай Перамогі прапанавалі віртуальную экскурсію па музеі і конкурс-віктарыну “1418 дзён і начэй да Перамогі”.
Пераможцамі віктарыны сталі Галіна Бабак і Вольга Коцікава. У ліку лепшых таксама Святлана Архіпава і Святлана Сталярова. Нечаканым быў удзел у віктарыне жыхара Мінска Мікалая Прыгодзіча, які першы прыслаў адказы. Прызнаўся, што любіць віктарыны і адсочвае іх у інтэрнэце. Прыз адпраўлены яму па пошце.
За актыўны ўдзел у музейнай дзейнасці, выставачных праектах, папулярызацыі гісторыі роднага краю актывісты атрымалі ад музейных работнікаў падзякі і падарункі. У сваю чаргу за захаванне культурна-гістарычнай спадчыны нашага раёна, навукова-асветную і адукацыйна-выхаваўчую работу супрацоўнікі гісторыка-краязнаўчага музея атрымалі падзяку раённай арганізацыі Беларускага фонду міру (старшыня Людміла Шаўцова), якая выступіла спонсарам мерапрыемства.
Павіншаваць супрацоўнікаў Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея завіталі работнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама на чале з начальнікам Валянцінай Навіцкай, раённага архіва, раённага таварыства ратавання на вадзе, удзельнікі музейнага праекта “Народная крыніца”. Атрымалі віншаванні ад калег-музейшчыкаў, сяброў з Расіі.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №39 ад 22.05.2020 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *