Шумілінскія валейбалісткі – трэція ў рэспубліканскай лізе

Молодёжь Новости Спорт, туризм

Трэція – у рэспубліканскай лізе

Сёлета дзяўчаты-валейбалісткі нашай спартыўнай школы ўнеслі значны ўклад у агульную скарбонку яскравых дасягненняў Шумілінскай СДЮШАР. За няпоўны год яны двойчы сталі пераможцамі абласных спаборніцтваў, двойчы займалі трэція месцы на першынстве Беларусі.

Прызёры рэспубліканскіх спаборніцтваў – каманда Шумілінскай СДЮШАР                            з трэнерам Л. Харкавец.

«Дзяўчаты паказваюць вельмі годныя вынікі, – падкрэсліў дырэктар СДЮШАР Алег Асташонак. – У гэтых перамогах агульная заслуга і саміх валейбалістак, і трэнера, і кожнага работніка школы, і бацькоў, і, увогуле, усёй спартыўнай супольнасці Шуміліншчыны. Толькі разам можна дасягнуць значных вынікаў».
Нядаўна стала вядома, што каманда Шумілінскай СДЮШАР (Валянціна Ходзюш, Кацярына Асташонак, Кацярына Вінаградава, Наталля Казьміна, Марыя Кралько, Анастасія Бабарэка, Аксана Быстрова, Аксана Навіцкая, Кацярына Раманава, Яна Мясаедава і Ганна Карнякова; трэнер Людміла Харкавец) заняла трэцяе месца ў рэспубліканскіх спаборніцтвах «Дзіцяча-юнацкая ліга па валейболе “Мяч над сеткай”».
У спартыўнай школе прайшлі ўрачыстасці з нагоды заваявання трэцяга месца ў лізе. Медалі юным валейбалісткам уручыў капітан маладзёжнай зборнай Беларусі па валейболе, выхаванец Шумілінскай СДЮШАР Антон Сушынскі, які адзначыў: «Трэніруйцеся, трэніруйцеся і яшчэ раз трэніруйцеся, і толькі тады будзе перамога».
Таццяна Бабарэка, Вольга Быстрова і Святлана Навіцкая ад імя ўсіх бацькоў валейбалістак падзякавалі школе, раённым уладам за тое, для іх дачок створаны ўсе ўмовы для спартыўнага развіцця, падтрымліваюцца ўсе пачынанні.
– Гульні даваліся складана, – расказвае капітан каманды Валянціна Ходзюш. – Рада, што мае сяброўкі змаглі праявіць свае лепшыя якасці. Галоўнае, што мы былі камандай. А калі ёсць каманда, то можна любога перамагчы.
– Добра, што тры туры прайшлі ў Шуміліне, – кажа лідар каманды Кацярына Асташонак. – Прыемна, але і складана гуляць, калі такая моцная падтрымка. Першы час было неяк няёмка, бо за табой пільна назіраюць бацькі, знаёмыя. А потым да гэтага прывыкаеш і паказваеш максімум таго, што ўмееш.
– А я хачу найперш сказаць словы падзякі Людміле Мікалаеўне Харкавец і ўсім са спарт-школы, – упэўнена гаворыць Кацярына Вінаградава, якой дасталася намінацыя «лепшы ігрок каманды». – Гэта зараз пачынаеш разумець, што кожная трэніроўка – усяго толькі маленькі крок да перамог. А кожнае трэнерскае патрабаванне гэты крок робіць больш упэўненым і вялікім.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №39 ад 22.05.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *