Трудовой старт. В Ловжанском сельсовете молодежь остаётся работать

Молодёжь Общество

«Моладзь  любіць  нашу  Мікіціху»

На тэрыторыі Лаўжанскага сельсавета пражывае многа моладзі. Па ўсіх вёсках работнікі сельвыканкама налічылі больш за сто чалавек.

Пераважная большасць, вядома, «асела» ў аграгарадку Мікіціха. І зразумела чаму – гэта цэнтр сельсавета, цэнтр сельгаспрадпрыемства «Лаўжанскае». Тут ёсць школа, дзіцячы сад, амбулаторыя, лясніцтва, сельскі Цэнтр культуры і вольнага часу. «Моладзь любіць нашу Мікіціху, – кажа старшыня Лаўжанскага сельвыканкама Святлана Кійко. – Па-першае, зручнае месца размяшчэння. Па-другое, побач чыгунка і траса. Выпускнікі многіх вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў аддаюць перавагу менавіта Мікіцісе. І, заўважце, многія застаюцца. Па магчымасці моладзі стараемся выдзяляць кватэры са зручнасцямі. Такі расклад задавальняе маладых спецыялістаў. У Мікіцісе знайшлі работу і жыллё не толькі хлопцы і дзяўчаты з нашага раёна, але і з Віцебска, Полацка, Гомельскай і Магілёўскай абласцей».

Прыязджаюць і застаюцца

Сельгаспрадпрыемства «Лаўжанскае» адносіцца да Віцебскай інтэграцыйнай структуры і моцна стаіць на нагах. Тут пастаянна адчуваюць падтрымку Віцебскага мясакамбіната – гэта адна з тых акалічнасцей, з-за якой моладзь выбірае Мікіціху. Да таго ж, тут самы малады ў раёне дырэктар сельгаспрадпрыемства – Пётр Аляксандравіч Кунштэль. Ён мабільны, сучасны,  не баіцца эксперыментаваць, асвойваць новыя тэхналогіі ў жывёлагадоўлі і раслінаводстве, яму лёгка працаваць з маладымі, якіх у гаспадарцы налічваецца каля трыццаці чалавек.

Старшыня прафсаюзнай арганізацыі сельгаспрадпрыемства Аксана Карага расказала, што згодна з калектыўным дагаворам хлопцам і дзяўчатам, якія прыходзяць працаваць у гаспадарку, прадугледжаны сацыяльныя гарантыі і даплаты, практычна ўсім вы-дзелена жыллё.

Са сваіх, мясцовых, у сельгаспрадпрыемстве не адзін год працуюць ветурач Ніна Рутц, слесар Леанід Ганчароў, механізатар Аляксандр Марозаў, аграном Марыя Шуміла, бухгалтары На-дзея Канагатава і Марыя Скуратовіч, зваршчык Аляксандр Мануйка і інш. Нямала прыезджых, напрыклад, ветурач Надзея Бабашкова родам з Гомельскай вобласці, заатэхнік Крысціна Данчанка – з Магілёўскай вобласці, механізатар Яўген Бяляцкі – з Верхнядзвінскага раёна, галоўны аграном Вольга Каралёва – з Міёрскага.

На мехдвары мы сустрэліся з інжынерам-механікам Яўгенам Дзятлоўскім і механізатарам Андрэем Ха-дзюковым. Мужчыны па-сваяцку сябруюць (іх жонкі – родныя сёстры). «Вось ужо чацвёрты год жыву і працую ў Мікіцісе, – расказаў Яўген. – Сам родам з Чашніцкага раёна, прыехаў сюды разам з жонкай, якая вывучылася ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі на агранома. Пасля дэкрэтнага водпуску Фаіна зноў выйдзе на сваю пасаду. Жыць і працаваць на Шуміліншчыне падабаецца. У аграгарадку мы пусцілі, як кажуць, карані і нікуды з’язджаць не збіраемся».

Мікіціхінскі  фельчар

Загадчык Мікіціхінскай амбулаторыі Мікалай Серабро хваліць маладога фельчара Пятра Данчанку за кампэтэнтнасць і надзейнасць. Пётр родам з Мікіціхі, тры гады таму пасля заканчэння Полацкага медкаледжа вярнуўся працаваць на радзіму.

– Вучыўся на фельчара па мэтавым накіраванні ад раёна, – кажа Пётр. – Калі доктар у ад’ездзе, вяду прыём пацыентаў. А ў асноўным мая работа – гэта ставіць уколы і  кропельніцы, браць аналізы, ездзіць ці хадзіць на выклікі.

Праўда, апошнім часам работы прыбавілася: правяраем тых, хто знаходзіцца на самаізаляцыі, бяром мазкі на каронавірус і адвозім іх у райбальніцу.

У  адказе  за  выхаванне  дзяцей

Апошнім часам Мікіціхінскі дзіцячы сад пабагацеў на маладых выхавальнікаў: Юлію Гушчу, Юлію Маліноўскую і Людмілу Барысевіч. Абедзве Юліі родам з Мікіціхі, Людміла (яна яшчэ і кіраўнік фізічнага выхавання) з Гусінцаў.

«Маладосць у любую ўстанову заўсёды прыносіць новыя ідэі, нестандартныя рашэнні, – кажа загадчык установы Жанна Васільчанка. – Так і ў нас. Мы ўдзячны дзяўчатам за свежы падыход у пытаннях выхавання, за сучасныя дыдактычныя матэрыялы.

З першых дзён работы нашых маладых выхавальнікаў было бачна, што яны талковыя, любяць дзяцей і ўмеюць знайсці да іх падыход. Мы вельмі рады на такое папаўненне. Спадзяемся, што выхавальнікі застануцца ў нас назаўсёды, бо ў Мікіцісе яны знайшлі сваё сямейнае шчасце».

Шчасце  мець  сваю  кватэру

Абжыліся ў аграгарадку Канагатавы, Купрыянавы, Жыгуновы, Новікавы, Марозавы, Карагі і многія іншыя сем’і. Многія прыехалі з іншых раёнаў і абласцей, а на Шуміліншчыне знайшлі сваю другую палову. Сярод такіх – бібліятэкар мясцовай бібліятэкі Юлія Котава, якая  родам з Магілёўшчыны, а ў Мікіціху трапіла працаваць па размеркаванні. Амаль два гады таму згулялі вяселле з мясцовым аграномам Эдуардам Котавым. Спачатку жылі з бацькамі, зараз маладая сям’я можа пахваліцца кватэрай з усімі зручнасцямі. «Рамонт рабілі разам. Гэта такое шчасце – мець сваю кватэру, – кажа Юлія. – Нядаўна заказалі новую мэблю, каб у пакоі было ўтульна».

Ларыса Зайцава.

Надрукавана ў№42 ад 02.06.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *