«Чалавек года Шуміліншчыны»: Алена Віеру

Главное Здоровье Общество

Алена Віеру: «Я ўсё зрабіла правільна»

Коратка пра героя сённяшняй публікацыі: Алена Віеру – участковы тэрапеўт Шумілінскай цэнтральнай раённай бальніцы. Стаж у прафесіі – 30 год (у тым ліку два гады ардэнатуры), прычым усе 30 год – на адным месцы, у Шуміліне. Па выніках работы за 2020 год Алена Георгіеўна ўдастоена звання «Чалавек года Шуміліншчыны».

– Што для вас медыцына?
Яна задумалася. Хіба вось так адразу адкажаш на такое простае і такое складанае пытанне, калі гэта твой лёс, тваё жыццё, твая дарога даўжынёй у трыццаць год. Ды і раней усё пачыналася, з дзяцінства, якое ва ўспамінах трывала звязана з фанендаскопамі і шпрыцамі, градуснікамі і танометрамі, з белымі халатамі – мама ж працавала педыятрам. Мама – Валянціна Аляксандраўна Віеру, выдатны педыятр з трыццацігадовым стажам не раіла ёй ісці ў медыцыну – цяжкая праца, хоць і пачэсная. І Алена, трымаючы пасля заканчэння школы залаты медаль, прымервала да сябе іншыя прафесіі. Але нічога не падыходзіла, ні ў якой іншай прафесіі не бачыла сябе, не ляжала душа. Таму толькі медыцынскі ўніверсітэт.
– А ведаеце, я ўсё зрабіла правільна, – сціпла ўсміхаецца Алена Георгіеўна, – і ніколі не пашкадавала, што стала ўрачом і што прыехала працаваць менавіта ў Шуміліна. Не, я мела магчымасць пераехаць у горад, нават у Мінск – як мінімум тры прапановы было, але не адчувала, што ад такога кроку стану больш шчаслівай. Не люблю тлум, люблю быць бліжэй да прыроды. І тут у Шуміліне мне камфортна.
– Які перыяд сваёй работы вы лічыце самым складаным?
– Бадай, першыя гады працы. Было цяжка чыста фізічна, бо я прыступіла да работы якраз падчас адпускной пары. Па-другое, было складана пераламіць уяўленне старэйшых калег, якія па-ранейшаму глядзелі на мяне як на дзяўчынку, што расла на іх вачах. Складаным быў і перыяд, калі пачалася пандэмія COVID-19.
Галоўная цяжкасць была ў тым, што не ведалі, як і чым лячыць, шукалі схемы, шляхі, не хапала спецыялістаў, многім прыйшлося перакваліфікавацца. Мне спачатку выпала місія быць каардынатарам-арганізатарам.
– Вашы старанні пры распрацоўцы сістэмы ўліку пацыентаў з кавід-інфекцыяй, размеркаванні патокаў «чырвонай» і «зялёнай» зон былі патрэбнымі і карыснымі, іх заўважыла грамадскасць, і менавіта ж за гэтыя старанні вам уручылі Ганаровую грамату «Беларускага фонду міру».
– Я радуюся, калі мая работа аказваецца патрэбнай і эфектыўнай.
– А самой удалося не захварэць?
– На самым пачатку выстаяла, але ў студзені вірус дастаў і мяне, прычым, з вельмі непрыемнымі спадарожнікамі – двухбаковай пнеўманіяй, стратай сіл і далей па спісе.
– Лячыліся ў сваёй бальніцы?
– Лячыла сама сябе дома. Па ўласнай схеме. Вылечыла. І падчас бальнічнага дапамагала сваім пацыентам, спачатку па тэлефоне, а як мінуў каранцін, выязджала да некаторых дадому.
– Як пераадольвалі паслякавідную слабасць?
– Прымушала сябе хадзіць, больш бываць на свежым паветры, піць вітаміны і не вешаць нос. Гэта ж раю і іншым.
– А пацыенты часта даюць вам парады, як трэба лячыць людзей?
– Здараецца. І я стараюся заўсёды выслухаць. Бывае, чалавек упершыню прыходзіць да мяне на прыём, а за плячыма ў яго ўжо хранічнае захворванне (а то і не адно) і выверанае на ўласным вопыце па рэкамендацыі іншых медыкаў лячэнне. Ён расказвае, якія прэпараты яму больш ідуць, і я прыслухоўваюся, вызначаючы лячэнне. Людзі часта расказваюць і пра дзеянне лекавых траў, мёду, праполісу і іншых рэчываў. Нічога не маю супраць гэтага, але ў перыяд абвастрэння хваробы рэкамендую медыкаментознае лячэнне. А ўсё прыроднае – у дадатак, калі ласка.
Безумоўна, у кожнага ўрача свая методыка: адны ідуць на супрацоўніцтва, другія займаюць камандную пазіцыю, трэція запалохваюць. Я належу да першай кагорты, хаця, па-праўдзе, некаторых (найперш, мужчын) трэба і прыстрашыць, а то цягнуць да апошняга, пакуль на насілках не прынясуць.
– Алена Георгіеўна, вы як тэрапеўт, пэўна ж, маеце што параіць людзям для ўмацавання свайго здароўя, якое апошнім часам аказалася пад абстрэлам розных вірусаў і інфекцый.
– Галоўная парада ад мяне – умеранасць. Працуйце, але не перанапружвайцеся. Адпачывайце, але не пераўтварыцеся ў лежабоку. Будзьце ўмеранымі ў харчаванні. Рабіце ўсё па сілах і не страчвайце веру ў сябе. Нават калі вы цяжка перахварэлі, не адчайвайцеся, арганізм будзе шукаць шляхі да аднаўлення, а вы абавязаны яму дапамагчы.
– А што асабіста вам прыносіць радасць?
– Прырода ў любую пару года. Дарэчы, жаданне быць бліжэй да прыроды падштурхнула нас з сястрой прадаць кватэру і вярнуцца ў наш старэнькі дом на Мінчугова, дзе мы з задавальненнем вырошчваем розныя спірэі і ліліі, хосты і ружы, і тут я сапраўды адпачываю – душой і целам.
Абсалютную радасць мне прыносіць выздараўленне пацыентаў, адчуваю гэтакі трыумф, калі ўдалося атрымаць перамогу над хваробай.
Здараюцца і нечаканыя радасці. Вось не далей, як у мінулую суботу наш прафсаюз арганізаваў для работнікаў бальніцы паездку ў Дудзінкі. Сабралася больш за сорак чалавек. Атрымалі такі цудоўны падарунак да Дня медыкаў!
І яшчэ адзін падарунак літаральна да прафесійнага свята атрымала Алена Георгіеўна – за шматгадовую плённую працу і высокі прафесіяналізм яна ўзнагароджана нагрудным знакам Міністэрства аховы здароўя «Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь».
Аліна ПЯТРОВА.
Апублікавана ў №46 ад 18.06.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *