Выездной суд в Никитихе рассмотрел два дела о кражах

Общество Происшествия

У госці “сябра” завітаў…
З сябрамі некаторым не шанцуе. У гэтым яшчэ раз пераканалі выязныя судовыя пасяджэнні, што адбыліся ў будынку Лаўжанскага сельвыканкама.  Суддзя Алена Сініцкая разглядала дзве крымінальныя справы, якія аб’ядноўвае тое, што злодзеямі аказаліся добрыя знаёмыя пацярпелых, якіх тыя лічылі сябрамі.
Ігар Скрыпкін увечары сустрэў свайго сябра, скажам Івана. Яны набылі шэсць (!) бутэлек віна. Распівалі ў кватэры Івана. Гаспадары па-сяброўску прапанавалі Ігару пераначаваць у іх. Скрыпкін прачнуўся першым і з патаемнага месца, дзе захоўвалася сямейнае золата і пра якое ён ведаў, забраў два залатыя пярсцёнкі.
Гаспадары ранкам заўважылі прапажу і патэлефанавалі Ігару. Той адразу прыбег і пачаў “дапамагаць” у пошуках. Не знайшлі. У той жа вечар сябры паехалі да дзяўчат у іншую вёску. У кішэні Ігара былі пярсцёнкі, які ён вёз сваёй дзяўчыне на захаванне.
Праз нейкі час бацька Івана напісаў заяву аб крадзяжы ў міліцыю. Супрацоўнікам праваахоўных органаў  не склала цяжкасцяў знайсці злодзея. Пярсцёнкі былі вернуты гаспадарам. А па рашэнні суда Ігар Скрыпкін атрымаў штраф у памеры 10 млн. 800 тыс. рублёў.
Падобная да гэтай і другая справа, якая разглядалася ў той жа дзень. У пацярпелага былі добрыя адносіны з Сяргеем Шушкевічам. Як расказваў пацярпелы, яны часта хадзілі у госці, адзін да аднаго. Бывала і ў лазню разам хадзілі. Сяргей дапамагаў гараж будаваць.
Але аднойчы ноччу нецвярозы Шушкевіч узяў ключы (як “сябра” ён ведаў, дзе яны ляжаць) і залез у гараж. Забраў бензапілу і каністры з палівам, якія схаваў непадалёк, у яме з кустоўем. Менавіта там зранку і застаў злодзея пацярпелы. Заяву ў міліцыю не збіраўся пісаць – вярні бензапілу, і на гэтым усё. Але Сяргей Шушкевіч заўпарціўся: не браў пілу. Супрацоўнікі міліцыі знайшлі бензапілу дома ў Сяргея. Па рашэнні суда Шушкевіч павінен адпрацаваць 230 гадзін грамадскіх работ.
Такіх людзей, як Сяргей і Ігар ніяк не назавеш сябрамі. Гэта проста сабутэльнікі, якія за спіртное гатовы абрабаваць тых людзей, якія іх лічылі сябрамі.
Алесь САКАЛОЎ.

P.S. Прыкладна палова крымінальных спраў, якія разглядаюцца ў судзе, – крадзяжы: у 2013 г. разгледжана 54 справы, у 2014 г.  – 50, з пачатку гэтага года – 35. Амаль усе крадзяжы здзейснены ў стане алкагольнага ап’янення.
Надрукавана ў № 70 ад 08.09.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *