“Жанчына Шуміліншчыны”

Общество

А. П. Талсташова

Чвэрць стагоддзя – на ферме
Ала Пятроўна Талсташова з аграгарадка Башні ўдастоена ганаровага звання “Жанчына Шуміліншчыны” ў намінацыі “Жанчына ў сферы сельскай гаспадаркі і харчавання”.
“Ала Пятроўна заслужыла такой пашаны сваёй карпатлівай працай, адносінамі да людзей і ўвогуле стылем жыцця, – лічыць дырэктар ААТ ”АграБаравінка” А. А. Мясаедаў. – Працуе жанчына на ферме Башні даяркай. І надоі радуюць, і прывагі цялятак…”
А. П. Талсташова простая ў гутарцы, сціплая, з адкрытай душой. Лічыць, што поспехаў у рабоце можа дабіцца кожны, трэба толькі старацца. А гэтаму яшчэ ў дзяцінстве навучылі яе бацькі. Сялянская дзяўчына з Курылаўшчыны гадоў ў дзесяць умела падаіць і накарміць карову, справіцца па гаспадарцы, пакуль бацькі былі на калгаснай ферме. Дарэчы, маці Алы Пятроўны – Марыя Сяргееўна – таксама працавала даяркай. І няцяжка здагадацца, што дачка часта прыбягала на ферму, дапамагала.
А. П. Талсташова – адна з лепшых даярак не толькі ў “АграБаравінцы”, але і ў раёне. Яна можа шмат расказваць пра тэхналогію даення і кармлення, пра сваіх кароў-рэкардсменак Ласеню і Прынцэсу, якія даюць за дзень па 25-30 кілаграмаў малака. Па ўсяму бачна, што Ала Пятроўна ведае і любіць сваю работу, якой аддала 25 год свайго жыцця.
І трэба бачыць, як падчас летняй дойкі на пашы каровы самі падыходзяць да сваёй даяркі, становяцца адна за адной ў чаргу. Словам, адразу пазнаюць сваю гаспадыню…
Вось такая яна, Ала Пятроўна Талсташова – апантаная работай, адказная і надзейная. А яшчэ – добрая дачка, маці і бабуля. У вольны час любіць чытаць кнігі пра каханне, кулінарыць і вязаць шкарпэткі для свайго двухгадовага ўнучка Андрэйкі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *