Шумилинские пляжи готовы к встрече с отдыхающими. Ждём тепла

Общество

Пляжы чакаюць адпачываючых

У Шумілінскім раёне чатыры афіцыйна вызначаныя пляжы – на Шумілінскім возеры, возеры ў Лескавічах, возеры Разван і на возеры Будавесць (на тэрыторыі дзіцячага аздараўленчага цэнтра «Дружба»).

Як паведаміў старшыня раённай арганізацыі таварыства ратавання на водах Аляксандр Шарафутдзінаў,  усе пляжы гатовы сустрэць адпачываючых.

 

«Да пляжаў прад’яўляюцца сур’ёзныя патрабаванні, – расказвае Аляксандр Сафаравіч. – У першую чаргу павінны быць створаны ўсе ўмовы для бяспечнага адпачынку. Нельга забываць і пра камфорт: на кожным пляжы абавязкова ёсць раздзявальні, туалеты, навесы ад сонца і лаўкі. Немалаважным аспектам з’яўляюцца стаянкі для транспарту і пад’язныя шляхі. Таксама павінны быць інфармацыйныя стэнды з актуальнай інфармацыяй. РЦГЭ пастаянна праводзіць маніторынг стану вады».

Апошні крок у падрыхтоўцы пляжаў да купальнага сезона – абследаванне дна вадаёмаў на наяўнасць прадметаў, якія могуць траўміраваць купальшчыкаў. Такое абследаванне на мінулым тыдні рабіў начальнік выратавальнай станцыі «Лосвіда» Генадзь Арнольд.

– У Шумілінскім раёне працую ўжо даўно, – дзеліцца Генадзь Браніслававіч. – Адразу скажу, што за апошнія гадоў дзесяць пляжы кардынальна змяніліся ў лепшы бок. Кожны з чатырох пляжаў можна назваць амаль узорным. Бачна цесная сумесная работа раённай улады, раённага таварыства ратавання на водах, усіх зацікаўленых структур. Падкрэслю, што толькі пры такім падыходзе можна стварыць камфортныя і бяспечныя ўмовы для адпачываючых на вадзе.

Аляксандр Шарафутдзінаў адзначыў, што кожны пляж замацаваны за пэўнай арганізацыяй (Шумілінскае возера – за УП ЖКГ,  возера ў Лескавічах – за лясгасам, возера Разван – за ДРБУ-204 і ПМК-70, возера Будавесць – за “Віцебскаблгазам”).  Менавіта гэтыя прадпрыемствы і падтрымліваюць стан пляжаў.

Асаблівая ўвага надаецца пляжу на Шумілінскім возеры. Гэта месца адпачынку надзвычай папулярнае ў шумілінцаў. У час спёкі тут багата як дарослых, так і дзяцей. Мена-віта па гэтай прычыне ў 2014 годзе тут быў адкрыты ратавальны пост, які працуе штогод з 15 мая да 15 верасня. «Ратаўнікі, якія працуюць на пасту, не толькі сочаць за бяспекай адпачываючых, – расказвае Аляксандр Шарафутдзінаў. – А і праводзяць прафілактычныя гутаркі. А гэта вельмі важна, бо, паўтаруся, на Шумілінскім возеры заўсёды багата дзяцей».

Пляжы ў нашым раёне гатовы да летняга сезона, засталося толькі дачакацца па-сапраўднаму летніх, спякотных дзянькоў…

Аляксандр ШЭДЗЬКО.

Надрукавана ў№42 ад 02.06.2020 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *