В эти июньские дни Добейский ясли-сад отмечает своё столетие

Край шумілінскі Образование

Дзеці  –  крыніца  натхнення  і  радасці

1 чэрвеня ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень абароны дзяцей. І, напэўна, сімвалічна, што ў чэрвені Дабейскі яслі-сад адзначае 100-гадовы юбілей з моманту першага згадвання ў афіцыйных дакументах.

Першы дакумент, які пацвярджае наяўнасць Дабейскай дзіцячай пляцоўкі (прататып дзіцячага садка), датаваны 11 чэрвеня 1920 года. У лісце Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта Міхалоўшчынскай воласці Віцебскай губерні і павета да павятовага аддзела народнай адукацыі згадваецца «кіраўніца Дабейскай дзіцячай пляцоўкі гр. Таццяна Херувімава…»

Не адна сотня дзяцей прайшла праз клапатлівыя рукі і добрыя, мудрыя сэрцы работнікаў дзіцячага садка, колькі адрасоў памяняла гэта ўстанова адукацыі. У гэтыя юбілейныя дні хочацца ўспомніць гісторыю дзіцячага сада і тых, хто вырасціў і выхаваў не адно пакаленне жыхароў вёскі Дабея.

У Дзяржаўным архіве Віцебскай вобласці ёсць «Ведамасць аб зарплаце за жнівень 1921 года», у якой змешчаны звесткі пра тое, што ў Дабейскім дзіцячым садку працуе кіраўніком Херувімава Т. М., а таксама работнікі Кіновіч О. В. і Валадуцкая (вартаўнік).

…З 14 снежня 1977 года да 2005 года загадчыцай дзіцячага садка працавала Святлана Лукінічна Міронава. Тады Дабейскі дзіцячы сад быў у складзе калгаса «Іскра», а затым перададзены Шумілінскаму РАНА. Памочнікам выхавальніка ў 1977 годзе працавала Роза Анацка, у Дабейскім дзіцячым садку было 8 выхаванцаў. Пазней выхавальнікамі працавалі Галіна Мікалаеўна Чуйкова, Таццяна Красіцкая, Ала Іванаўна Шылава, Жанна Валер’еўна Янчыліна, Наталля Кучун, Ларыса Іванаўна Астаф’ева (выхавальнікам і музычным кіраўніком); памочнікам выхавальніка (няней) – Вольга Васільеўна Яцук, поварам – Валянціна Афанасьеўна Пашкевіч.

Не адзін дзясятак год адпрацавалі ў Дабейскім дзіцячым садку Аліна Данатаўна Ціманоўская (памочнікам выхавальніка), Алена Браніславаўна Савельева (каля 40 год поварам), Любоў Аляксандраўна Васілевіч (36 год, загадчык гаспадаркі, вартаўнік, кастэлян).

У 2005 годзе Дабейскі дзіцячы сад быў рэарганізаваны ва ўстанову адукацыі «Дабейская дзяржаўная агульнаадукацыйная дзіцячы сад-пачатковая школа Шумілінскага раёна», кіраўніком установы была Часлава Іосіфаўна Мацуганава.

У 2011 годзе зноў адбылася рэарганізацыя. У наступныя гады ў Дабейскім дзіцячым садзе загадчыцамі працавалі Іна Генадзьеўна Сушынская і Жанна Валер’еўна Янчыліна, выхавальнікамі – Наталля Пятроўна Карапузава і Святлана Лукінічна Міронава; музкіраўніком – Ала Мікалаеўна Бубен; памочнікамі выхавальніка – Алеся Яўгенаўна Калініна і Жанна Іванаўна Карпушчанка; загадчыкамі гаспадаркі – Валянціна Фёдараўна Лялюга, Ірына Віктараўна Голубева, поварам – Еўдакія Мікалаеўна Іванова.

У 2017 годзе ў Дабейскі яслі-сад прыйшла працаваць загадчыкам Валянціна Іванаўна Попелава, поварам – Валянціна Савельеўна Васілеўская.

Чэрвень 2020 года. Сёння ў гэтай установе выхоўваецца 15 дзетак. Вельмі хочацца спадзявацца, што іх колькасць будзе прыбаўляцца, а гісторыя прадоўжыцца на доўгія гады. Ад імя бацькоў выхаванцаў хачу выказаць словы ўдзячнасці ўсім яго работнікам і пажадаць вялікага шчасця, шмат сіл і цярпення, а таксама мора здароўя і любві. Няхай дзеці будуць заўсёды для вас крыніцай натхнення, радасці і дабра!

Ала БУБЕН,

бібліятэкар Дабейскай сельскай бібліятэкі, краязнаўца.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *