Все хотят хорошие анализы, говорят работники клинико-диагностической лаборатории Шумилинской ЦРБ

Здоровье Общество

Аснашчэнне і абслугоўванне клініка-дыягнастычнай лабараторыі абыходзіцца дорага. Але эканоміць на гэтым ніхто ў Шумілінскай ЦРБ і не збіраецца, бо ад таго, наколькі поўна і якасна праводзяцца даследаванні, у многім залежыць паспяховае лячэнне.

Новае высокасучаснае абсталяванне дазваляе практычна поўнасцю адмовіцца ад ручных методык дыягностыкі, аптымізаваць работу лабарантаў, істотна скараціць час, неабходны для даследаванняў. Пра гэта расказала ўрач лабараторнай дыягностыкі, загадчык лабараторыі Таццяна Іванова.

– Агульны аналіз крыві мы праводзім на японскім абсталяванні, якое дазваляе атрымліваць дакладную і максімальна поўную інфармацыю больш аператыўна, – прадэманстравала спецыяліст мудрагелістыя апараты. – Раней усё гэта рабілася ўручную. Але ж апарат, да прыкладу, бачыць больш за тысячу клетак, а чалавек – усяго сотню. Можаце параўнаць магчымасці…

Больш за тое, устаноўка спецыяльных праграм дазволіла максімальна камп’ютарызаваць працэс. Цяпер нашы з вамі аналізы захоўваюцца гадамі, і пры неабходнасці доктар можа прасачыць дынаміку тых ці іншых паказчыкаў.

Магчымасцямі біяхімічнага аналізатара іспанскай вытворчасці бальніца з поспехам карыстаецца ўжо гады чатыры. Калі ручная методыка дазваляла прааналізаваць усяго 7-8 паказчыкаў, то зараз – 24. Робяць такія неабходныя для пастаноўкі дыягназу даследаванні, як узровень жалеза, ферыцыны, СРБ, рэўмафактар і іншыя.

– Вядома, частка даследаванняў нам пакуль недаступна, але спектр іх пастаянна пашыраецца, – гаворыць Таццяна Іванова.

Штогод праводзіцца рэспубліканскі кантроль якасці, два разы на год – абласны, раз на тры гады – метралагічны. Пакуль да якасці даследаванняў ніякіх прэтэнзій не было, а гэта значыць, што зробленым у нашай бальніцы аналізам можна давяраць.

У сярэднім за суткі на кожным з апаратаў робіцца каля 120 аналізаў.  За год лабараторыя здзяйсняе больш за 400 тысяч даследаванняў. З пастаўленымі задачамі выдатна спраўляецца калектыў з 10-ці чалавек. Спецыялісты пастаянна павышаюць сваю кваліфікацыю, каб максімальна выкарыс-тоўваць магчымасці сучаснай дыягнастычнай тэхнікі. Працуе лабараторыя кругласутачна.

– Таксама нядаўна ў нас з’явіўся аналізатар газаў крыві і электралітаў для рэанімацыйных хворых, які асабліва актуальны зараз у сувязі з распаўсюджаннем COVID-19. Атрымалі і чакаем пастаўкі рэагентаў яшчэ аднаго імунахімічнага аналізатара, на якім будзем рабіць кардыёхімічныя маркёры і іншыя актуальныя даследаванні, – расказала Таццяна Іванова.

Вельмі важна, што гэта работа цэнтралізаваная і дазваляе задаволіць патрэбы ў дыягностыцы жыхароў усяго раёна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *