Новости из Шумилинской районной гимназии: посвящение в гимназисты. И зачем гимназии корова

Образование

Цырымонія “ўступлення ў сан”
Цікава, займальна, на адным дыханні праходзіць штогод у сценах Шумілінскай раённай гімназіі свята пасвячэння ў гімназісты. Не стаў выключэннем і сёлетні год. Адразу адзначым, што з 1 верасня ў гімназіі навучаецца 29 новых вучняў, і для іх гэтая цырымонія “ўступлення ў сан” мела выключнае значэнне. Гэта разумелі і адміністрацыя гімназіі, і тыя, хто прайшоў праз гэтае “гарніла” раней.
Сцэнарый свята рыхтаваўся не за адзін дзень. Было што сказаць  і дырэктару Л. У. Маладзечкінай, і выпускнікам 2012 года. Менавіта Ларыса Уладзіміраўна і зрабіла добры і ўдалы зачын свята. Яна нагадала, што ў гімназіі — дастойнае мінулае: за гады існавання з яго сцен выйшлі 64 выпускнікі, практычна ўсе яны паспяхова здалі ўступныя іспыты ў розныя ВНУ, каледжы. З кожным годам у гімназію прыходзяць  разумныя і таленавітыя вучні са школ раёна. Вось і ў гэты дзень (а святочная імпрэза адбылася 10 снежня, у суботу) у зале чакаюць пасвячэння ў гімназісты ахвочыя да вучобы хлопчыкі і дзяўчынкі…
У рэдакцыю даслала ліст-нататку пра святкаванне вучаніца 10 “А” класа гімназіі Вікторыя Храмцова. Яна піша: “У гонар гэтага свята адбыўся арыгінальны канцэрт, які не праходзіў па звыклай “абмотцы”: вядучыя, слова дырэктару і само ўрачыстае пасвячэнне. Усё праходзіла ў жартаўлівай форме…”. Сапраўды, дасціпны жарт і вясёлы смех —  усё гэта спадарожнічала святу. А сцэнарысты ўвялі ў кампазіцыю свята цікавыя элементы: гімназічную кашу адмысловага прыгатавання, глыток гімназічнага кампоту, пад смех і апладысменты залы навічкі прамаўлялі скорагаворкі, з заплюшчанымі вачыма малявалі настаўнікаў і давалі каментарыі, адгадвалі іх па слоўнай характарыстыцы…
А сярод тых, хто ладзіў свята, як піша Вікторыя, “былі і рэальныя хлопцы, і бландзінкі, і Шварцнэгер з Сільвестарам Сталоне, г. зн. тыя героі, якія зараз не сыходзяць з экранаў тэлевізараў.
І гэты гонар выпаў выпускнікам 2012 года…”.
Упэўнены: свята пасвячэння ў гімназісты навічкі не забудуць ніколі.
А колькі карова дае малака?..
Карова — не раскоша, а жыццёвая неабходнасць. Менавіта так разважыла дырэктар гімназіі Л. У. Маладзечкіна і рашуча пераступіла парог кабінета кіраўніка УП “Шумілінскі райаграсэрвіс” А. Ф. Яхіяева з просьбай паспрыяць ажыццяўленню ідэі. Той згадзіўся на правах спонсарскай дапамогі выпісаць для гімназіі маладую карову, і неўзабаве рабочыя ўстановы, узброіўшыся патрэбнымі дакументамі, завялі Чарнічку (такая мянушка ў “навасёла”) у гімназічны хлеў.
Знайшлі і даярку, падсобную рабочую Т. А. Бяспалаву. Яна некалі працавала даяркай, таму для яе догляд Чарнічкі — звыклая справа. Сена трохі нарыхтавалі самі, а чаго не хапіла, завезлі з ААТ “АграБаравінка”.
Чарнічка дае за суткі 13 літраў малака. Яно, вядома, не ўсё, ідзе на кухню, рэшткі купляюць свае работнікі, вяскоўцы. Так што і на спецрахунак паступае капейка.
Вясной гімназія возьме “пад сваё крыло” каня і некалькі парасят. Гэта будзе  важкім словам у вырашэнне харчовай бяспекі гімназіі.
Мікалай ШОСТАК.
Надрукавана ў №99 ад 23.12.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *