Шумилинские подростки из студенческого отряда «Энергия молодости» трудятся на строительных объектах

Главное Молодёжь Новости

«Энергія маладосці» – на будаўнічых аб’ектах Шуміліна

28 чэрвеня ў Дзень моладзі ў Беларусі афіцыйна стартаваў трэці працоўны семестр. Як паведаміла першы сакратар райкама ГА БРСМ Вікторыя Бяляева, у краіне звыш 20 тысяч маладых людзей аб’яднаюць студатрады. Сёлета, як і ў мінулыя гады, па выніках работы будуць абраны лепшыя студатрады рэспублікі. У інтэрнэце работу маладых можна адсочваць па хэштэгу #трудкрут!.
У Шуміліне пачаў работу студатрад «Энергія маладосці», у які ўвайшлі падлеткі з шумілінскіх СШ №1, СШ №2 і раённай гімназіі.  На працягу месяца маладыя людзі будуць працаваць у Шумілінскай ПМК-70. 

Шумілінскія студатрадаўцы дапамагаюць у будаўнічых работах у СШ № 1.

Прараб ПМК-70 Аляксандр Багданаў адзначыў, што студатрадаўцы будуць працаваць на двух аб’ектах – на Шумілінскай СШ №1 і на шматкватэрным доме ў завулку Угнявёнка. «На будаўніцтве заўсёды хапае работы, – адзначыў Аляксандр. – Найперш гэта тычыцца падсобных работ. Хочацца, каб студатрадаўцы ўвесь час працавалі з такім імпэтам, як у першыя дні. Тады аб’ёмы будуць вельмі ўнушальнымі. Хлопцаў размеркавалі па брыгадах. Упэўнены, што для маладых людзей час у студатрадзе будзе вельмі карысны, бо, зразумела, што вопытныя будаўнікі падзеляцца з моладдзю прафесійнымі сакрэтамі, якія спатрэбяцца ім у паўсядзённым жыцці».
З пачатку работы хлопцы шчыравалі на школе. «Дні пралятаюць вельмі хутка, – пачаў размову намеснік камандзіра атрада Максім Бурлакоў. – Дапамагаем будаўнікам, падносім матэрыялы. Сёння, напрыклад, разгружалі і загружалі трактары. Працы хапае. Але мы не скардзімся, бо самі вырашылі гэтым летам папрацаваць».
Астатнія хлопцы таксама ў першую чаргу адзначылі, што хацелі працаваць ўлетку і такую магчымасць ім даў БРСМ.
А вось тое, як патрацяць заробленыя грошы, засталося сакрэтам.
– Спачатку трэба зарабіць і толькі потым думаць, куды па-траціць, – усміхнуліся падлеткі. – Пастараемся выконваць усе нормы, каб зарабіць як мага больш.
Дарэчы, некаторыя хлопцы ўжо сёння вырашылі, што будуць прасіцца на працу ў ПМК-70 і ў жніўні.
Алесь САКАЛОЎ.
Апублікавана ў №54 ад 14.07.2020 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *