Бліц-апытанне: За што люблю Шумілінскі край?

Главное Край шумілінскі Общество

Бліц-апытанне: За што люблю Шумілінскі край?

Уладзімір Курганаў,
Заслужаны лесавод БССР, в. Мікалаева:
– Усё мае доўгае жыццё (а мне 83-ці год пайшоў) звязана з Шуміліншчынай. Я тут нарадзіўся, тут вучыўся, сюды вярнуўся пасля вучобы ў Полацкім лясным тэхнікуме, а пасля ў Мінскім інстытуце лясной гаспадаркі, хаця варыянтаў і прапаноў паехаць працаваць у іншыя мясціны было шмат. Самыя прыгожыя лясы – на Шуміліншчыне, гэтым я 50 год ганарыўся, працуючы ляснічым. Бярог родны лес, шанаваў і расціў.

Аляксандр Дзмітрэнка, г.п. Шуміліна:
– У правінцыі свая прыгажосць і радасць. Гэта рытм жыцця, прастата зносін, натуральнасць. Гэта прыгажосць прыроды і яе бліз-касць. Гэта душэўнасць, гэта духоўнасць. На Шумілін-шчыну мы з жонкай Наталляй трапілі пяць год таму, ацанілі ўсе каштоўнасці, пабудавалі тут дом і аселі, як кажуць, назаўсёды.

Уладзімір Арлоў,
аг. Светласельскі:
– Шумілінскі край люблю за тое, што гэта мая радзіма. Тут жывуць мае дзеці, сваякі, сябры. Тут адпрацаваў у сельскай гаспадарцы больш за сорак гадоў. Люблю шумілінскія прыгожыя сенажаці, любуюся, як шапочуць жытнія каласы, як працуюць трактары і камбайны. Люблю людзей, якія разам са мной рупяцца на шумілінскай зямлі. Для мяне Шуміліншчына – самы прыгожы непаўторны край, які я не прамяняю ні на які іншы.

Уладзімір Церашчук,
г.п. Шуміліна:
– Сам я родам з Украіны. А прыехаў у Шуміліна чвэрць стагоддзя назад за каханай дзяўчынай, якая жыла ў райцэнтры. Тут сы-гралі вяселле, тут нарадзілі двух сыноў і дачку. У Шумі-ліна прыехаў за шчасцем, тут яго і знайшоў. За сваю ўдачу ў жыцці, за добрую жонку, за сваіх дзяцей і люблю шумілінскі край. Да таго ж, тут усё падобнае на ўкраінскае: і шчырыя людзі, і мноства азёр, і багатыя лясы, куды наведваемся ўсёй сям’ёй за грыбамі і ягадамі.

Аляксандр Канстанцінаў,
г. Масква:
– Самыя светлыя мае сны – пра Лазоўку – так называлі маленькую вёсачку Новае Барсучына ў Шумілінскім раёне, дзе жылі мае бабуля з дзедам і куды я прыязджаў кожнае лета гасцяваць. Мне дагэтуль сніцца, як дзед дае мне нож-сцізорык, як мы па мокрай ад расы сцежцы, што ўецца каля невялікай рачулкі, зранку ідзём за падасінавікамі, чую, як спяваюць салаўі, кукуе зязюля, бачу, як потым мы з бабуляй смажым грыбы з зялёнай цыбуляй, а дзед ідзе ладзіць лазню… Усё гэта ў маім ўяўленні – шчасце, і калі цяпер мне выпадае магчымасць прыехаць у Шуміліна і ўжо з дзядзькам выбрацца за падасінавікамі, я адчуваю вялікую душэўную радасць.

Марына Аляксеенка,
аг. Башні:
– Мне ў Башнях добра. Я адразу ўлюбілася ў гэты край (Марына Ягораўна прыехала сюды 34 гады назад за мужам – рэд.). Мы з мужам і за мяжой бываем, і па Беларусі падарожнічаем. Вясковае жыццё не абмяжоўвае кругагляд. Але, як мне здаецца, няма на свеце нічога больш роднага і лепшага за месца, дзе ты жывеш. Шумілінскі край люблю за сціплую і ў той жа час неверагодна прыгожую прыроду. Люблю азёры, рэкі, шаную гісторыю свайго краю, ганаруся вядомымі землякамі Хлюдзінскімі, Баршчэўскімі, Паленамі, нашым працавітым народам, які выстаяў і перамог у гады Вялікай Айчыннай вайны. Ганаруся сваім свёкрам Кірылам Васільевічам Аляксеенкам, які прайшоў вайну ад Каўказа да Кёнігсберга. Лічу, што любіць свой край – гэта жыць з ім адным жыццём, радавацца, калі ў яго ўсё добра.

Антон Сушынскі,
г. Гомель:
– Шуміліншчына – гэта мая радзіма, яна мне дала ўсё, чаго я змог дасягнуць у жыцці і спорце. Бо менавіта тут я пачынаў свае першыя крокі ў валейболе, разам з камандай атрымаў першыя перамогі. Люблю Шуміліна за тое, што тут жывуць мае сваякі, да якіх заўсёды можна звярнуцца за каштоўнай парадай. І зараз, гуляючы за прафесійны валейбольны клуб, заўсёды з задавальненнем іграю за шумілін-скую аматарскую каманду.

Уладзімір Пучынскі,
г.п. Обаль:
– На Шуміліншчыну, дакладней на Обальшчыну, прыехаў у 2005 годзе. І адразу ўлюбіўся ў гэты край, у непаўторную прыгажосць прыроды з яе зялёнымі лясамі і чыстымі празрыстымі рэкамі і азёрамі. Як можна не любіць край, у якім жывуць такія шчырыя і спагадлівыя людзі і якія, нягледзячы на ўсе ганенні і забароны, змаглі захаваць шчырую любоў да Бога, да веры.
Алена КАРПУШЭНКА, Ларыса ЗАЙЦАВА,
Аліна ПЯТРОВА і Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №55 ад 17.07.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *