З блакнота Аліны Пятровай: Птушка Шчасця

Духоўнае Общество

З блакнота Аліны Пятровай: Птушка Шчасця


Шчасце. Што гэта за дзіўная птушка такая, якую кожнаму так і хочацца пашчыпаць, выцягнуць сабе хаця б адну пярынку? Дзе гэта птушка жыве? Побач ці за сям’ю гарамі? Чым яе прывабліваюць, якім кормам – маннай нябеснай ці бульбай у мундзірах? Дужа ўжо яна пераборлівая, гэтая птушка. Вось быццам бы ўжо ўсё зробіш, каб яна прыйшла, усё падрыхтуеш, прадумаеш кожную драбязу, і калі ўжо гатовы стрэць яе, яна махель хвастом і – адчыняе брамку суседа, які зусім і не думаў пра яе.
А чалавек, колькі жыве, столькі гэтую птушку і ловіць. Іншы ўсё жыццё за ёй бегае, вось-вось, здаецца, ухопіць, а яна крылом махне і ўраз ператворыцца ў маленькую кропку пад воблакам.
Кажуць, адзін мужык гэтую птушку ў руках трымаў. Хаця трымаў – гэта не тое слова. Ён спаў у яе між крылаў, доўга спаў. І ў сне яшчэ бурчэў, маўляў, спакою яму няма, бо птушка шчасця – імклівая, неспакойная, на месцы не сядзіць. І яна скінула мужыка на зямлю. Тады ён прачнуўся. І зразумеў, што гэта была Птушка Шчасця. А хто ж ведаў? Каб жа яму хто загадзя сказаў. А мо хто і гаварыў, дык ён жа спаў, не чуў.
Другі мужык выдумаў прыманіць гэтую птушку золатам. Многа яго недзе назбіраў. Усыпаў увесь двор. Сыпле і прыгаворвае, як баба ў вёсцы: «Ціп, ціп, ціп…» І што вы думаеце? Клюнула! Прыйшла і дзяўбе. Мужык голеную патыліцу чухае, ганарыцца сабою і клапоціцца: куды ж цацу такую пасяліць. Прыдумаў аднак. Клетку залатую ёй заказаў. Майстры прыйшлі, усё змерылі, галовамі паківалі, к вечару прынеслі: уся зіхаціць, бы сонца. Птушка Шчасця згадзілася ў ёй пажыць. А чаму б і не? – прыгожа, утульна, надзейна. Мужык у ладкі пляскае. Назаўтра, думае, дружбакоў па-клічу – няхай падзівяцца. Раніцой бяжыць да клеткі. А птушкі няма. Клетка на месцы, замок на месцы, пруты залатыя не пагнутыя, а яе няма. Як прасачылася? Такая вось гісторыя.
А яшчэ быў мужык, да якога Птушка Шчасця прыходзіла толькі ў адным месцы – на беразе вясковай рачулкі. Вось выйдзе ён досвіткам на знаёмую сцяжынку, датупае да затравянелага беражка невялікай празрыстай рачулкі, дастане вуду, закіне яе ў ваду і глядзіць на паплавок. Доўга так сядзіць, стаіўшыся, і раптам бачыць – ідзе яна, расправіўшы крылы, ступае прама па вадзе. Прыгожая, аж дух займае. І такі ад яе ідзе спакой на душу, такая ціхая радасць, і між волі разумееш, што не дарэмна свет копціш, што жыццё – гэта цуд, што жыць хочацца і спяваць хочацца.
Толькі была ў мужыка жонка. Баба неблагая і сабой ладная. Але ж недаверлівая. Яна мужыку не паверыла. Сама пайшла з ім на рэчку птушку глядзець. Паўдня адсядзела, вочы ўсе змаршчынела глядзеўшы, а не ўбачыла. Мужык сядзеў, вінавата ўцягваў галаву ў плечы і таксама не ўбачыў. Нейкая няёмкая сітуацыя атрымалася. Думаў, можа, які выхадны птушка ўзяла ці адгул. Другога разу таксама жонку ўзяў. Яна яшчэ пільней з-за яго пляча глядзела, як каршак. І зноў не ўбачылі нікога, акрамя дрыготкага паплаўка на вадзе ды зыбкіх хваляў.
Мярэшчыцца ўсё мужыку, тлумачыла баба сітуацыю, мусіць, сербануў з вечара лішку. Хіба ж птушка Шчасця будзе сядзець тут сярод жаб і камароў? Яна ў горадзе жыве. І ўспомніла баба, як сама яе там бачыла. Вясной ездзіла на ранак, купіла там сабе прыгожую сукенку бэзавага адцення і туфлі такога ж колеру, апранула, глянула ў люстэрка – а там Птушка Шчасця ва ўсёй красе. Баба на вуліцу выйшла, ідзе такая, а Птушка Шчасця, распусціўшы хвост, – уперадзе. Іншыя бабы раты паразявалі, глядзяць услед, зайздросцяць.
Мужык бабе паверыў. Па-ехаў на рынак, купіў новыя штаны, кашулю, яшчэ і гальштук (каб ужо не прамахнуцца), надзеў на сябе, глянуў у люстэрка – стаіць мужык у новых штанах, у новай кашулі, з гальштукам. Сутулы, лысаваты. Колькі ні ўглядаўся, апроч гэтай не дужа вабнай карціны, нічога не ўбачыў. Так і пайшлі яны дадому, несучы ў душы недавер адзін да аднаго.
І што цікава: чым больш людзей разам збіраецца, тым менш шанцаў усім адначасова Птушку Шчасця ўбачыць. Тут вось двое не здолелі, а калі сабраць дзесяць, сто, мільён? Можа, яна масавасці баіцца, індывідуалістка такая? Ці не ведае, з якога боку падысці, бо ўсе крычаць, рукамі махаюць, адзін б’е кулаком у грудзі і кажа, што прыйдзе яна з поўначы, другі аж лямантуе і на захад паказвае, трэці…
А Птушка Шчасця кружыць прама над іх галовамі. Доўга кружыць, але ад тлуму ёй робіцца млосна, і яна ўзнімаецца высока ў неба.
Апублікавана ў №56 ад 21.07.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *