Як назбіраць ягад, грыбоў і не заблудзіць? Карысныя парады ад выратавальнікаў

Безопасность Общество

Як назбіраць ягад, грыбоў і не заблудзіць?
Карысныя парады ад выратавальнікаў


Поўным ходам ідзе нарыхтоўка ягад, грыбоў і іншых лясных дароў. Людзі актыўна адправіліся ў лясы, на прыроду, і, на жаль, у аператыўных зводках паявілася інфармацыя пра тых, для каго паход у лес закончыўся сумна – чалавек заблудзіў. У сувязі з гэтым выратавальнікі хочуць даць некалькі парад.
Ідучы ў лес, заўсёды паведамляйце сваім блізкім, сябрам ці суседзям, куды вы ідзяце і калі плануеце вярнуцца. У лесе не заходзьце далёка ўглыб незнаёмай мясцовасці. Калі ўсё ж пайшлі, пакідайце на шляху руху арыенціры, па якіх можна будзе вярнуцца назад.
У лес абавязкова бярыце рукзак ці сумку, у якіх павінны быць заражаны мабільны тэлефон, компас, нож, ліхтарык, запалкі ці запальнічка ў непрамакальнай упакоўцы. Пажадана ўзяць з сабой ежу «на ўсялякі выпадак», лёгкую, але каларыйную, ваду, поліэтыленавую плёнку для накідкі ад дажджу.
Калі вы зразумелі, што ўсё ж заблудзілі, трэба адразу ж спыніцца, супакоіцца і не працягваць далейшы рух.
Уважліва прыслухайцеся. Пры шумах тыпу гудкоў аўтамабіляў ці іншых сігналаў лепш ісці на іх гук, стараючыся захоўваць прамую лінію руху.
У лесе самае галоўнае – не губляць самавалодання і помніць наступнае: не рухацца ў цёмны час сутак, ноч неабходная для аднаўлення сіл; не хадзіць па звярыных сцежках; не выходзіць на балоцістыя ўчасткі лесу, асабліва пакрытыя раскай; не есці незнаёмыя дзікарослыя расліны – лепш папіць вады. Без ежы чалавек можа пражыць 30 дзён, а вось без вады ўсяго толькі тыдзень.
Калі самастойна выбрацца не ўдаецца, патэлефануйце ў экстранныя службы (101, 102, 112), растлумачце сітуацыю, вам абавязкова дапамогуць. Пры гэтым пастарайцеся нікуды не бегчы ад людзей, якія вас шукаюць. Сядзьце, развядзіце вогнішча, магчыма, дым прыцягне ўвагу.
Карысныя парады па арыенцірах: дапамагае вызначыцца пах: калі ўнюхалі дымок, трэба ісці супраць ветру; калі гукавых арыенціраў няма, лепш за ўсё «выходзіць на ваду», ручай абавязкова выведзе да ракі, рака – да людзей (ісці трэба ўніз па цячэнні); звяртайце ўвагу і на лясныя сцежкі, пратаптаныя чалавекам.
Арыенціры па размяшчэнні раслін: дрэвы і пні больш гніюць з паўночнага боку; раса з раніцы дольш захоўваецца з поўначы; мох на пнях размяшчаецца з паўночнага боку, кара бярозы і сасны на паўночным баку цямней; на свежых пнях гадавыя кольцы больш тонкія з поўначы; смала на ствалах соснаў, елак, кедраў шчыльней выступае з паўднёвага боку.
Калі чакаецца начоўка, у першую чаргу неабходна вызначыць сухое месца. Размясціцца лепш за ўсё каля ручая ці рачулкі, на адкрытым месцы. Часовым укрыццем могуць служыць навес, шалаш, зямлянка. Выбар тыпу ўкрыцця залежыць ад умення, здольнасцей і фізічнага стану чалавека. У цёплы час можна абмежавацца пабудовай простага навесу.
Галоўнае, не адчайвайцеся. Ведайце: вас ужо шукаюць!
Вадзім ПІВАВАРАЎ,
інспектар РАНС.
Апублікавана ў № 58 ад 28.07.2020 г.
Прыватныя аб’явы, апублікаваныя ў № 58 ад 28.07.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *