Выпускніца Шумілінскай СШ №1 Анастасія Мацюшчанка атрымала сёлета 100 балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні па біялогіі

Адукацыя Главное Навіны

100 балаў на ЦТ па біялогіі

Выпускніца Шумілінскай СШ №1 Анастасія Мацюшчанка атрымала сёлета 100 балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні па біялогіі. Для Шуміліншчыны гэта другі такі бліскучы поспех за ўсю гісторыю цэнтралізаванага тэсціравання.

Настаўніца біялогіі і хіміі Шумілінскай СШ № 1 Вольга Церашчук і яе вучаніца Анастасія Мацюшчанка з сертыфікатам ЦТ на 100 балаў.

Пра нялёгкі шлях да перамогі, бяссонныя ночы, слёзы радасці і выбар ВНУ пагаварылі з уладальніцай 100-бальнага сертыфіката і яе настаўніцай і класным кіраўніком у адной асобе Вольгай Церашчук, якая да ўсяго гэтага мае непасрэднае дачыненне.
«Гэта не выпадковасць. Гэта вынік доўгай, кожнадзённай і няспыннай, мэтанакіраванай і асэнсаванай работы Анастасіі, – пачала Вольга Аляксандраўна. – Дзяўчыну я ўбачыла ў 5 класе, калі стала іх класным кіраўніком. Нельга было не заўважыць яе высокія творчыя здольнасці, яе разумовы патэнцыял. І за гэта я не раз сказала дзякуй яе настаўніцы пачатковых класаў Алене Зданевіч, якая, як мне здаецца, і заклала фундамент. Анастасія адна з нямногіх, хто хацеў слухаць настаўніка і чуў яго. Яе поспех – вялікая ўзнагарода настаўніку ад вучня».
Сапраўды, Анастасія Мацюшчанка – шматгранная асоба. Калі чалавек таленавіты, ён таленавіты ва ўсім, – гэта пра яе. Прычым, яна ўмее рацыянальна размеркаваць свой час. Таму ўсюды паспявала. Дзяўчына была пастаяннай удзельніцай гурткоў у Шумілінскім цэнтры дзяцей і моладзі, барабаншчыцай-мажарэткай у Шумілінскай дзіцячай школе мастацтваў, скончыла якую з дыпломам па класе фартэпіяна, аўтарам сцэнарыяў школьных і класных святаў і мерапрыемстваў, самых розных ідэй, вядучай, правай рукой класнага кіраўніка. Паспявала і ў вучобе. З 7 класа ўдзельнічала ў малых і вялікіх алімпіядах па хіміі і біялогіі і заўсёды была ў прызёрах. У 10 класе дзяўчына абрала профільную групу па біялогіі і хіміі.
Апошні год, безумоўна, стаў самым напружаным. Насця дакладна вызначыла, што будзе здаваць тры ЦТ: хімію, біялогію і рускую мову. І працавала, як пчолка. Кожны дзень, сур’ёзна, настойліва.
«Калі ішла на ЦТ па біялогіі, наогул ніколькі не хвалявалася, – расказвае дзяўчына. – За суткі да яго з 6 раніцы і да 15.00 наступнага дня, без сну і прагулак, прарашала і паўтарыла ўсе тэмы. Частка А не выклікала ніякіх сумненняў, усе адказы ведала. А вось у частцы В трапілася задача, якую ў школе ні разу не рашалі. Тады давялося ўключыць логіку і пабудаваць урэшце гэтую рэфлекторную дугу». Хваляванне і цень сумнення ў поспеху з’явіліся ўжо пасля, калі са знаёмымі, хто рашаў такі ж варыянт ЦТ, не сышліся адказы. Як аказалася, Насця была правай.
Дзяўчына спакойна ўспрыняла інфармацыю, што здала біялогію на 100 балаў. Праўда, спачатку ў галаве прамільгнула думка, што гэта памылка. Нікому, нават бацькам, не гаварыла пра поспех, пакуль не сталі вядомыя ўсе вынікі. Больш за ўсіх радавалася настаўніца Вольга Аляксандраўна, прызнаецца, што нават плакала. Хаця гэта чаканы вынік.
У Анастасіі Мацюшчанкі агульны бал 369! Яна і па астатніх прадметах паказала вельмі высокія вынікі (па мове – 90 балаў, настаўніца Наталля Інц, па хіміі – 85). Далей паступленне ў ВНУ. Сама Анастасія прызнаецца, што з пяці год марыць стаць урачом, хаця ў радні нікога з медыкаў няма. Проста вось такая мара! І да яе яна доўга ішла. Зараз жа вывучае, як ідзе падача дакументаў у сталічны медуніверсітэт і ў віцебскі. А там будзе вызначацца, хаця сама больш схільная да апошняй установы. Яшчэ кажа, што гэта будзе лячэбны факультэт.
Хочацца пажадаць гэтай дзяўчыне, каб і надалей у яе ўсё атрымлівалася, каб яна адчувала задавальненне ад вучобы, ад новых сустрэч і знаёмстваў, каб ставіла мэты і дасягала іх.

Парады Анастасіі Мацюшчанкі выпускнікам:
– як мага раней вызначыцца з прафесіяй. Толькі бацькоў не слухаць. Гэта павінна быць ваша рашэнне, ваш выбар;
– не асабліва спадзявацца на рэпетытара. Толькі на сябе, на свае веды і сілы.
– працаваць, працаваць і яшчэ раз працаваць! І верыць!
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў № 58 ад 28.07.2020 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *