В Шумилинской ПМК-70 определили лучшего плиточника и плотника

Новости Экономика

Хто лепшы плітачнік і цясляр?

Добрай традыцыяй у Шумілінскай ПМК-70 стала правядзенне конкурсаў прафесійнага майстэрства сярод будаўнікоў. Такія мерапрыемствы садзейнічаюць прафесійнаму росту маладых будаўнікоў, перамагчы ў іх прэстыжна і ганарова. Конкурс арганізавалі і правялі адміністрацыя і прафсаюзны камітэт прадпрыемства, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, райкам ГА БРСМ.

Сёлета конкурс прафесійнага майстэрства «Лепшы па прафесіі» сярод будаўнікоў прайшоў у новым фармаце.
– Было вырашана, што ў конкурсе будуць удзельнічаць як маладыя, такі вопытныя будаўнікі. Мы адмовіліся ад прызавой тройкі, будзе толькі адзін пераможца, які і атрымае званне «Лепшы па прафесіі», – расказвае вядучы спецыяліст ПМК-70 Марына Нікуленка. – Такія конкурсы добра папулярызуюць рабочыя спецыяльнасці, таму на прадпрыемстве штогод будзем выбіраць конкурсныя прафесіі. Так, сёлета спаборнічаюць плітачнікі і цесляры.
Месцам правядзення спаборніцтваў стаў новы шматкватэрны дом у завулку Угнявёнка, які ўзводзяць шумілінскія будаўнікі.
Першы этап – тэарэтычны. На ім разам сабраліся і плітачнікі, і цесляры. Хаця, зразумела, што пытанні ў іх былі розныя. Канкурсанты добра справіліся з гэтым этапам і стала зразумела, што пераможцы вызначацца толькі пасля практычнага этапу.
Цеслярам для выканання задання было адведзена 20 хвілін, за якія яны павінны былі ўстанавіць дзверы. У кожнага з удзельнікаў была свая тактыка і свой падыход да гэтай работы. 20 хвілін хапіла кожнаму. «У мяне па якасці ні да каго няма пытанняў, – адзначыў майстар Аляксандр Багданаў, які ацэньваў «конкурсныя» дзверы. – Акуратна, роўна, якасна. Усе за якасць атрымліваюць максімальны бал».

У выніку па ўсіх крытэрыях перамогу атрымаў Міхаіл Піліпёнак.

А вось плітачнікам прыйшлося над заданнем шчыраваць дзве гадзіны. Па якасці работ і тут не ўзнікла пытанняў – усё на вышэйшым узроўні. Пераможцу вызначалі па хуткасці і аб’ёму работы.

Квадратных метраў аказалася больш у Юрыя Барысава (за 2 гадзіны паклаў 9 кв. м пліткі).
– У конкурсе бралі ўдзел і тры маладыя спецыялісты, – адзначае першы сакратар райкама ГА БРСМ Вікторыя Бяляева. – Кожны з іх атрымаў памятныя падарункі ад маладзёжнай арганізацыі. Радуе тое, што моладзь не толькі спаборнічала, а і выйграла прафесійны конкурс як сярод цесляроў, так і сярод плітачнікаў.
На ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню будаўніка, які прайшоў у пятніцу, Міхаіл Піліпёнак і Юрый Барысаў атрымалі дыпломы «Лепшы па прафесіі».
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №62 ад 11.08.2020 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *