Ці ўсе школы ў Шумілінскім раёне атрымалі допуск?

Новости Образование

Ці ўсе школы атрымалі допуск?

Учора ў Шумілінскім раёне завяршылася праверка гатоўнасці ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. На 17 жніўня ўсе акты аб гатоўнасці падпісаны, усе школы, дзіцячыя сады і раённая гімназія заявілі аб гатоўнасці нумар адзін.

Пакуль што допуск не атрымала толькі Шумілінская СШ №1, дзе поўным ходам ідуць рамонтныя работы. Тым не менш, як запэўніў галоўны інжынер Шумілінскай ПМК-70 Раман Карасёў, будаўнікі робяць усё, каб не замінаць вучэбнаму працэсу.
– І сталовая будзе паўнацэнна працаваць?
– Так, сёння (размова адбылася 17 верасня) мы робім сцяжку ў сталовай і харчаблоку, на гэтым тыдні завяршаем кладку пліткі і ўсе будаўнічыя работы, на наступным правядзём мантаж абсталявання.
– А спартыўная, актавая залы?
– Гэтае крыло – спартыўная зала, актавая зала, настаўніцкі блок – пакуль што не гатовы, не хапае фінансавання.
Так што юныя шумілінскія школьнікі, з гэтага міні-інтэрв’ю вы зразумелі, што ў школу ўсё ж трэба збірацца, купляць дзённікі-сшыткі, праходзіць (хто не прайшоў) медагляд, даставаць школьныя рукзакі і настройвацца на сур’ёзную работу.

Трэба сказаць, што сёлета важкую фінансавую падтрымку атрымала Обаль. Так Обальская СШ патраціла на рамонт 483 тысячы бюджэтных рублёў. Плюс 4 тысячы – са сродкаў апякунскага савета і 10 тысяч, заробленых па лініі другаснай занятасці. Пра гэта паведаміла дырэктар школы Іна Чарнічэнка.
1 верасня школа сустрэне сваіх 242-х вучняў сучасным дызайнерскім выглядам, падрыхтаванымі кабінетамі і адноўленым харчаблокам. Вялікі чатырохпавярховы будынак з усіх чатырох бакоў (а не толькі з фасаду, як гэта часам бывае) радуе прадуманым афармленнем.

Карціну дапаўняюць нават вытрыманыя ў адным каляровым рашэнні гаспадарчыя пабудовы.
Выдатнае аснашчэнне прадэманстраваў камісіі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр, дзе зараз знаходзіцца 14 дзетак.
Обальскі дзіцячы яслі-сад наведвае каля 90 выхаванцаў. Месца ў вялікім будынку больш чым дастаткова. Праўда, па самім будынку праблема з працякаючым дахам знаходзіцца пакуль што ў стадыі завяршэння.
У першы клас Кардонскай СШ сёлета пойдзе толькі тры вучні, у 11 – 6. Усяго ж тут набіраецца 75 школьнікаў. Магло б быць і больш, але многіх школьнікаў разам з сем’ямі забрала Шуміліна, дзе яны пабудавалі льготнае жыллё. Такое шкадаванне ад імя многіх сельскіх школ выказала дырэктар Кардонскай СШ Людміла Васільева.
Кардонскай школе, дарэчы, адрасавала ўдзячныя словы намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава – тут выдатныя вынікі паказаў аграрны клас: трое яго выпускнікоў з пяці паступілі ў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію. Яшчэ двое вырашылі стаць педагогамі. Усе пяцёра (а менавіта столькі і было выпускнікоў) паступілі на бюджэт, і школа можа пахваліцца стопрацэнтным паступленнем у ВНУ.
Кожная школа, кожны дзіцячы сад, нават самы маленькі, як напрыклад, Мікалаеўскі, дзе ўсяго 14 дзетак, рыхтуюцца да новага навучальнага года. Некаторыя гэтую падрыхтоўку пачалі яшчэ з вясны, таму паспелі зрабіць многае, і нават традыцыйны пах фарбы ўжо выветрыўся.
Дарэчы, пра фарбу. Начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Валянціна Мянькова агучыла такую лічбу: толькі на фарбу для ўсіх школ аддзел накіраваў больш за 10 тысяч рублёў.
А Шумілінская раённая гімназія імкнецца максімальна скарыстаць летнія дні. Мала таго, што тут летам разгарнуўся на дзве змены аздараўленчы лагер «Пунцовы ветразь», потым ішоў (і працягваецца) набор новых гімназістаў, дык яшчэ з 17 жніўня ў гімназіі пачаў работу інтэлектуальны валанцёрскі лагер «Навукаград».
Але ўсё гэта не перашкодзіла гімназіі годна падрыхтавацца да новага навучальнага года і нават сустрэць камісію свежым мёдам – прыехалі ж якраз на мядовы Спас, 14 жніўня.
Мільгаюць апошнія жнівеньскія дні. Вольныя дні для дзяцей, многія з якіх не адчынялі школьныя дзверы з сакавіка. Але не трэба шкадавання. Маладая плынь засумавала без стасункаў, без шумлівага школьнага гаму. І верасень падорыць радасць сустрэч, імклівасць жыцця, новыя веды і знаёмствы. Галоўнае, каб усе былі здаровыя – і вучні, і настаўнікі, і бацькі. Поспехаў усім!
Аліна ПЯТРОВА.
Апублікавана ў №64 ад 18.08.2020 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *