Уборачная – пад наглядам пракурора

Новости Сельское хозяйство

Уборачная – пад наглядам пракурора

Уборка зерневых і зернебабовых, рапсу – гарачы час не толькі для сельскіх працаўнікоў, але і для  супрацоўнікаў раённай пракуратуры. Пракурорскія работнікі напярэдадні жніва праверылі ўсе гаспадаркі на прадмет падрыхтоўкі да ўборачнай. Планавыя рэйды праводзяцца і зараз. У адным з іх браў удзел і карэспандэнт раённай газеты.

– Сёння праверым ход жніва ў трох сельгасгаспадарках раёна – «Сі-роцінскім», «Мішневічах» і «Лаўжанскім», – адзначае перад рэйдам намеснік пракурора Шумілінскага раёна Арсеній Дзянісаў. – У сённяшні рэйд карэктывы ўнёс дождж (рэйд адбываўся ў мінулы аўторак, – аўт.). Таму ў першую чаргу ўвагу будзем звяртаць на працоўную дысцыпліну ў гаспадарках і стан камбайнаў.
На мехдвары КУСГП «Сіроцінскі» ў аграгарадку Слабада галоўны інжынер гаспадаркі Леанід Кавалёў і механік Васіль Афанасьеў расказалі, што камбайны з-за дажджлівага наадвор’я не выехалі на жніво. Адзін камбайн з чатырох, што ёсць у гаспадарцы, стаіць на рамонце. А вось журнал перадрэйсавага агляду вадзіцеляў паказаць не змаглі. «Гэта сур’ёзнае парушэнне, – адзначыў Арсеній Дзянісаў. – У найбліжэйшы час будуць прыняты меры пракурорскага рэагавання».
У Мішневічах на мехдвары гасцей сустрэў кіраўнік гаспадаркі Міхаіл Цікавенка, які адзначыў, што ўсе камбайны спраўныя і зранку да дажджу ўбіралі збожжа. «Да жніва загадзя падрыхтаваліся. Як вынік, чатыры нашы камбайны працуюць без праблем. Кожны з камбайнераў – надзейны і адказны, – пад-крэсліў Міхаіл Герасімавіч. – Тэмп уборкі – нармальны. Як толькі сонечныя дзянькі вернуцца, мы зможам без аўралу завяршыць жніво». Міхаіл Цікавенка падрабязна расказаў, як у гаспадарцы арганізаваны перадрэйсавыя агляды вадзіцеляў, прадэманстраваў журнал, у якім вядзецца строгі ўлік аглядаў.
Добра наладжана работа і ў «Лаўжанскім». На дзень рэйду большасць тэхнікі знаходзілася ва ўрочышчы Гаравыя. Механізатары ў любы момант былі гатовы прыступіць да ўборкі зерневых. Галоўны аграном гаспадаркі Вольга Каралёва адзначыла, што засталося не шмат убіраць, але дождж спыніў работу. У адказ механізатары запэўнілі, што непрадбачаная паўза аніяк не скажацца на ўборцы зерневых, для гэтага ёсць і спраўная тэхніка, і жаданне. Арсеній Дзянісаў прама на полі арганізаваў імправізаваны прыём грамадзян. Некалькі чалавек звярнуліся да намесніка пракурора з асабістымі пытаннямі, на якія атрымалі разгорнутыя адказы.
– Рэйд яшчэ раз паказаў, што ўборачная кампанія – гэта вельмі важна. Добра, што гэта разумеюць як кіраўнікі са спецыялістамі, так і простыя рупліўцы, – падсумаваў вынікі рэйду Арсеній Дзянісаў.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №66 ад 25.08.2020 г.

Дырэктар КУСГП «Мішневічы» Міхаіл Цікавенка паказвае журнал перадрэйсавых аглядаў намесніку пракурора раёна Арсенію Дзянісаву.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *