Жатва на частных подворьях в Шумилинском районе идёт к финишу

Новости Общество Сельское хозяйство

Людзі чакаюць сонечнага надвор’я

Жніво на палетках сельгасарганізацый – гэта справа першачарговая, але не менш важна змалаціць і ўчасткі зерневых вясковых жыхароў. Іх па раёне не так і мала – 680 участкаў агульнай плошчай 147 гектараў.

Першым фінішавала прыватнае жніво ў КУСГП «Ульскі» і ААТ «Прыазёрны мір». Поўнасцю справіліся з уборкай прысядзібных участкаў на тэрыторыі Обальскага сельсавета. «І за гэта вялікі дзякуй дырэктарам гаспадарак: Валянціне Лабейцы (КУСГП «Ульскі») і Пятру Кунштэлю («Лаўжанскае»), – кажа старшыня сельвыканкама Мікалай Будневіч.– На тэрыторыі «Ульскага» прыватныя ўчасткі (іх было 48) убіралі паралельна з уборкай зерневых у сельгаспрадпрыемстве. Такім чынам зменшылі транспартныя выдаткі, бо населеныя пункты аддаленыя адзін аднаго. Кіраўніцтва «Лаўжанскага» выдзеліла адзін камбайн спецыяльна для прыватных агародаў. Механізатар за дзень аб’ехаў Обаль і вёскі, жыхары засталіся задаволенымі, бо зерне сухое, і работа была арганізавана ў вызначаны час».
Усяго па аднаму прыватнаму ўчастку з зерневымі засталося ўбраць на тэрыторыі Дабейскага і Мікалаеўскага сельсаветаў. Дарэчы, Мікалаеўшчыне пашанцавала: акрамя гаспадарак, маюць яшчэ аднаго памочніка – Валерыя Шэдзько з Ерашова. «Мы вельмі ўдзячны за разуменне і падтрымку, – кажа старшыня Мікалаеўскага сельвыканкама Уладзімір Сядлоўскі. – Валерый Шэдзько мае землі ў Мікалаеве, і калі ўбіраў на сваім камбайне ўласныя зерневыя, то не адмовіў і мясцовым людзям, завітаў у бліжэйшыя вёскі – Андрэева і Дубовікі».
Прыватнае жніво было б завершана на мінулым тыдні, але перашкодзілі дажджы. Да ўборкі засталося 188 участкаў з зерневымі. Найбольшая іх колькасць у Лаўжанскім (58 агародаў), Сіроцінскім (51), Светласельскім (40) сельсаветах. Сіноптыкі на гэтым тыдні абяцаюць сонечнае надвор’е – яго вельмі чакаюць вяскоўцы. Тады ўсе ўчасткі з зерневымі будуць абмалочаны, запэўнілі кіраўнікі сельгасарганізацый раёна.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №68 ад 01.09.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *