«За мір, стабільнасць і развіццё!» – аўтапрабег па Шумілінскім раёне.

Главное Новости

«За мір, стабільнасць і развіццё!»

4 верасня па ініцыятыве раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Белая Русь» прайшоў аўтапрабег «За мір, стабільнасць і развіццё!», у якім каля 150 чалавек на 30 аўтамабілях праехалі больш за 60 кіламетраў па Шумілінскім раёне.


На галоўнай плошчы райцэнтра сабраліся работнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, жыхары Шуміліна.

– У нас выдатная моладзь, якая сёння можа працаваць і ствараць квітнеючую і прыгожую Рэспубліку Беларусь. У нас ёсць усё для таго, каб жыць мірна, спакойна і добра. У кожнага сваё меркаванне, але ў нас, я ўпэўненая, ёсць адна агульная ідэя – мы ўсе любім сваю родную Беларусь. Мы за Беларусь! Мы за мір у гэтай краіне, – такімі словамі адкрыла мерапрыемства намеснік старшыні райвыканкама кіраўнік раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Ірына Шалахава.
Старшыня раённага выканаўчага камітэта Віктар Гутараў назваў мерапрыемства сімвалічным, адзначыўшы, што тут сабраліся людзі, якія спрабуюць зрабіць усё, каб мір, спакой і росквіт Беларусі захаваліся. Ён апеляваў да старэйшага пакалення, якое памятае няпростыя 90-я гады, калі ў крамах было нягуста, стаялі чэргі за «ножкамі Буша», а заробкі складалі 15-20 долараў.
– За 26 гадоў кардынальна змянілася Беларусь, сёння ў краіне спакой, людзі ведаюць, як працаваць, ствараюцца новыя прадпрыемствы, рэспубліка квітнее, – сказаў Віктар Сяргеевіч.
Ён адзначыў, што не ўсім падабаецца такая сітуацыя ў нашай краіне. А бо тыя ж украінцы хацелі б абраць Аляксандра Лукашэнку сваім прэзідэнтам – пра гэта кажуць многія палітолагі, адзначыў кіраўнік раёна.
– Чалавек са сваёй харызмай, воляй, ён зрабіў усё, каб Беларусь жыла стабільна, квітнела і на ўсіх прадпрыемствах была своечасова выплачана зарплата, каб у сем’ях быў спакой, бясплатная медыцына і адукацыя, – падкрэсліў Віктар Гутараў.

Старшыня райвыканкама даў негатыўную адзнаку заклікам баставаць і не плаціць за камунальныя паслугі. Ён прывёў у прыклад працу сельгаспрадпрыемстваў, дзе незалежна ад таго, бастуюць у Мінску ці не бастуюць, людзі з самае раніцы выходзяць працаваць на палях. Убіраюць зерне, дояць кароў, перапрацоўваюць прадукцыю. Адзначыў, што з такім жа поспехам працуе Обальскі керамічны завод, ПМК-70.
Старшыня райвыканкама сказаў, што перамены патрэбныя, што працуе спецыяльная група па канстытуцыйнай рэформе, у якую ўваходзяць парламентарыі, юрысты і навукоўцы.
Перад прысутнымі выступілі дырэктар раённай гімназіі Ларыса Маладзечкіна, сакратар райкама Камуністычнай партыі Беларусі Віктар Бабічаў.

У эмацыянальным выступленні трэнера СДЮШАР, маці трох сыноў Любові Бабовай гучала занепакоенасць лёсам краіны:
– Зараз агрэсіўныя меншасць, якая прайграла выбары, выйшла на плошчы і хоча дыктаваць, як нам трэба жыць. Аказваецца, не перамен яны хочуць, а каляровай рэвалюцыі, – сказала жанчына. – Я, мама, бабуля, ужо ў такім узросце іду абараняць сваю краіну, і я буду яе абараняць! Мне брыдка, калі абражаюць нашага Прэзідэнта, мне балюча, калі выносяць сцяг, пад якім у Вялікую Айчынную вайну ваявалі калабарацыяністы, мне трывожна, калі ў Гродне вывешваюць польскія сцягі.
Любоў Бабова выказала занепакоенасць і тым, што на вуліцы выходзіць моладзь – палітычна няграматная, безадказная за свае дзеянні і ўчынкі.
Аўтамабільная калона з дзяржаўнымі сцягамі, сцягамі «Белай Русі», БРСМ, іншых грамадскіх арганізацый стартавала з галоўнай плошчы райцэнтра, праехала з гучнымі аўтамабільнымі сігналамі па цэнтральных вуліцах Шуміліна.

У аграгарадку Слабада на тэрыторыі школы адбыўся мітынг, на які прыйшлі мясцовыя жыхары.
– У моладзі ёсць усё, каб мы маглі рэалізоўваць свае ідэі і жыць у спакойнай і мірнай краіне, – пачала сваю прамову першы сакратар райкама ГА БРСМ Вікторыя Бяляева. – Мы любім нашу Беларусь і мы ў адказе за яе будучыню, таму наш выбар – стабільнасць, мір і спакой.
Старшыня раённай арганізацыі Таварыства ратавання на водах Аляксандр Шарафутдзінаў адзначыў:
– Усе мы галасавалі за дзеючага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку. Нас большасць. Гэта яскрава паказалі вынікі выбараў у нашай краіне. Мы не дазволім агрэсіўнай меншасці зламаць нас, парушыць стабільнае і квітнеючае развіццё краіны.
На мітынгу выступіла дырэктар Слабадской школы Алена Пузікава, якая падкрэсліла, што за 26 год пад кіраваннем Аляксандра Лукашэнкі ў краіне было шмат чаго зроблена. Як прыклад прывяла Слабадскую школу, якая была абноўлена па праграме развіцця аграгарадкоў.

Пасля мітынгу адбылася таварыская сустрэча па валейболе.

Наступны прыпынак удзельнікі аўтапрабегу зрабілі на мемарыяльным комплексе ў Тропіне, дзе ўсклалі кветкі да брацкіх могілак савецкіх салдат, якія загінулі пры вызваленні Шуміліншчыны. Старшыня раённай арганізацыі Беларускага фонду міру Людміла Шаўцова ў сваім выступленні падкрэсліла, што няма большай каштоўнасці, чым мір. «Мы памятаем, якой цаной ён быў заваяваны, таму зараз нам важна захаваць мір і спакой на нашай зямлі, і за гэта нашы нашчадкі нам скажуць дзякуй», – сказала яна.

Апошні прыпынак удзельнікі аўтапрабегу зрабілі ў аграгарадку Мікіціха каля Лаўжанскага сельскага цэнтра культуры.
Наталля Сокалава, якая ўжо даўно пераехала з Украіны ў Беларусь, адзначыла, што Беларусь стала для яе другой Радзімай, краінай, дзе ўсё мірна і спакойна. «Мне вельмі хочацца, каб так было і далей», – сказала яна. На мітынгу выступіла мнагадзетная сям’я Баграцовых. Ад імя моладзі звярнуўся да прысутных малады спецыяліст Георгій Нуждзін.

Работнікі ўстаноў культуры раёна прапанавалі ўдзельнікам аўтапрабегу і жыхарам аграгарадка канцэртную праграму, прысвечаную роднай краіне і яе народу.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №70 ад 08.09.2020 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *