У Шумілінскім раёне поўным ходам ідзе сяўба азімых зерневых

Актуалии Главное Сельское хозяйство

Пад ураджай будучага года

У раёне поўным ходам ідзе сяўба азімых зерневых. Па плане сельгаспрадпрыемствам трэба засеяць 9 тысяч гектараў, пакуль справіліся з 2300 га (25,6% да патрэбнага). Сярод лідараў сяўбы азімых – ААТ «Прыазёрны мір», дзе засеяна амаль трэцяя частка ад запланаванага – 316 га.

На палетках ААТ «Прыазёрны мір» ля Сосніна рупіцца Мікалай Жыгуноў. Працуючы на пасадзе галоўнага інжынера, ён кожны год садзіцца за руль трактара, бо новую тэхніку не кожнаму можна даверыць. Вось і сёлета «нулёвы» МТЗ-3522, які дастаўся ў спадчыну ад філіяла Бешанковіцкага льнозавода, прапанавалі Мікалаю Жыгунову. А да трактара гаспадарка купіла новы пасяўны агрэгат, які каштуе каля 80 тысяч рублёў. Перад тым, як сесці за руль, Мікалай Жыгуноў пабываў на спецыяльных курсах у Мінску.
– Як працуецца на новай тэхніцы? – пытаемся ў Мікалая, які пад’язджае да краю поля.
– Здорава. Новая тэхніка ёсць новая, – усміхаецца ён. – Засыпаў у сеялку дзве тоны – і паехаў. Магутнасць трактара большая, чым звычайнага энерганасычанага, праходнасць добрая, бо стаяць двайныя колы, высокая падвеска, у кабіне камп’ютар і кандыцыянер. Зручна тое, што добрая шумаізаляцыя: у кабіне ледзь чутны гул тэхнікі. Паралельна з сяўбой прыходзіцца вырашаць і інжынерныя справы: па закупцы запчастак, па пастаўцы змазачных матэрыялаў, па рамонце тэхнікі. За дзень засяваю па сорак гектараў азімай пшаніцы. Поле ля Сосніна – гэта паўсотня гектараў. Так што заўтра тут будзе фініш, пераеду на другія палеткі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №73 ад 18.09.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *