Свята двара дома № 75 па вуліцы Юбілейнай и яго жыхароў

Новости Общество

Падары сабе двор
Мы ўжо не раз пісалі пра тое, як жыхары дома № 75 па вуліцы Юбілейнай актыўна займаюцца добраўпарадкаваннем свайго двара. Ад задумкі да поўнай рэалізацыі прайшоў год. Вынікі вялікага праекта, удзел у якім узялі дзясяткі сем’яў, падвялі на вялікім свяце двара ў мінулы чацвер.


Нагадаем, што ініцыятарам перамен і аўтарам ідэі стала лідар грамадскага аб’яднання «ЭкаБум» жыхарка дома Ірына Кулікава. Суседзі ахвотна падтрымалі яе прапанову змяніць двор да лепшага. 10 тысяч долараў на рэалізацыю задуманага з’явіліся, дзякуючы перамозе ў конкурсе міні-праектаў «Тандэм – V», які рэалізуецца Еўрапейскай Асацыяцыяй мясцовай дэмакратыі ALDA з удзелам асветніцкага грамадскага аб’яднання «Фонд імя Льва Сапегі».
Важна, што праект рэалізуецца з удзелам мясцовых уладаў. Частку работ узялі на сябе жыллёва-камунальная гаспадарка і будаўнічая арганізацыя ДРБУ № 204. Прынамсі, дарожнікі заасфальтавалі двор.

Актывісты прымаюць віншаванні ад Андрэя Завадскага.

– Людзі не чакалі, што нехта прыйдзе і зробіць іх двор такім, якім яны хочуць яго бачыць, а ўзяліся і зрабілі ўсё самі. Так нараджаецца ўсведамленне, што кожны з нас можа ўплываць на жыццё, на развіццё любых працэсаў у грамадстве, знаходзіць паразуменне з мясцовымі ўладамі, дамаўляцца, – лічыць прадстаўнік Фонду імя Льва Сапегі Андрэй Завадскі, які спецыяльна прыехаў са сталіцы, каб павіншаваць шумілінцаў з паспяховым завяршэннем праекта.
Свята прайшло, як і належыць, з песнямі, танцамі, конкурсамі і падарункамі. Адзначылі кожнага, хто, не зважаючы на ўласны час і клопаты, рабіў свой уклад у агульную вялікую справу. І іх было вельмі шмат. Дзякуючы такой актыўнасці, у двары ўстаноўлены сучасны дзіцячы комплекс, тэнісны стол, вулічныя трэнажоры, велапаркоўка і велагараж, зроблена аўтастаянка, добраўпарадкавана зялёная зона, з’явяцца насаджэнні. Жыхары прызнаваліся, што прывыклі кожны вечар выходзіць у двор, займацца карыснай справай – будаваць, фарбаваць, саджаць кветкі. Так што, можна не сумнявацца, новыя ідэі і праекты не прымусяць сябе доўга чакаць.
Вельмі важна і тое, што частка сродкаў гранту была ахвяравана на правядзенне конкурсу па добраўпарадкаванні дваровых тэрыторый. Пераможцаў таксама ўзнагародзілі на свяце.
– Як толькі мы ўбачылі ў газеце інфармацыю пра конкурс, адразу ж узяліся за працу – рамантавалі, фарбавалі, саджалі кветкі, ладзілі малыя архітэктурныя формы ў сваім двары, – расказала жыхарка дома № 39 па вуліцы Сіпко, шматдзетная маці Анастасія Быкава, якая прыйшла на свята разам з дзецьмі. Іх двор стаў пераможцам конкурсу. Вось і выходзіць, што добрая справа заўжды будзе мець паслядоўнікаў.
Пакуль на імправізаванай сцэне ладзілася дзейства, усіх жадаючых кармілі гарачай кукурузай, паілі чаем з тортам.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №74 ад 22.09.2020 г.

Актывісты прымаюць віншаванні ад Андрэя Завадскага.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *