Специалисты Шумилинского РОЧС проверяют перед началом сезона безопасность печного отопления

Безопасность Общество

Гатовы печкі да сезона?

Восень прыйшла. Задажджыла, пахаладала. А значыць, прыйшоў час уцяпляцца самім і ўцяпляць сваё жыллё. Некаторыя гаспадары прыватных дамоў ужо для камфорту пачалі прапальваць печкі. Наколькі падрыхтаваныя яны да работы ў новым сезоне, наколькі пажаранебяспечныя правяралі шумілінскія выратавальнікі падчас сумеснага рэйду, удзел у якім прыняў і карэспандэнт раённай газеты.


Рэйдавая група адправілася ў прыватны сектар райцэнтра – па вуліцах Луначарскага, Шумілінская, Юбілейная, Піянерская, завулку Паштовы – наведалі дамы, дзе пражываюць сем’і з дзецьмі, адзінокія і адзінока пражываючыя грамадзяне.
«Як правіла, найбольш частыя парушэнні – няправільнае ўстройства і эксплуатацыя пячнога ацяплення, электрасетак і электраабсталявання, – расказвалі інспектары РАНС Вадзім Півавараў і Віталь Масько падчас наведвання. – Менавіта па гэтых прычынах здараюцца пажары, гараць дамы і людзі ў іх. І галоўную ўвагу мы пры наведванні ўдзяляем менавіта праверцы спраўнасці гэтых устройстваў».
Прыемна адзначыць, што ў большасці выпадкаў грамадзяне своечасова, не чакаючы восеньскіх халадоў, прывялі свае домаўладанні ў парадак і са спакойнай душой прымалі ўдзельнікаў рэйду, дэманструючы спраўныя печкі і электраправодку. Так што супрацоўнікам толькі і заставалася, што правесці прафілактычныя гутаркі і нагадаць пра наступствы невыканання правілаў пажарнай бяспекі, курэння ў ложку, курэння ў нецвярозым стане, пакідання малых дзетак без нагляду, пра неабходнасць устаноўкі аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў і своечасовую замену элементаў сілкавання.
Па выніках абследавання ўдзельнікі рэйду ўручылі гаспадарам домаўладанняў буклеты прафілактычнай тэматыкі і пажадалі бяспечнага жыцця.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў 75 ад 25.09.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *