Дзве сям’і з Шуміліна сталі пераможцамі абласнога фестывалю «Мама, тата, я – футбольная сям’я»

Семья Спорт

Перамога сям’і Бурлаковых

Адразу два прызавыя месцы прывезлі сем’і з Шуміліна з абласнога сямейнага фестывалю «Мама, тата, я – футбольная сям’я», які праходзіць пад эгідай асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футболу». Сям’я Бурлаковых стала пераможцам фестывалю, а сям’я Масько заняла другое месца.

Сям’я Бурлаковых на фестывалі.

У спартыўным фэсце прымалі ўдзел яшчэ некалькі сем’яў з нашага раёна: Кучко, Ходзюшы, Пусянковы, Прусаковы.

Супрацоўнікі міліцыі ўмеюць не толькі добра несці службу, але і займацца спортам, разам з сям’ёй удзельнічаць у розных спаборніцтвах і паказваць там добрыя вынікі. Прыклад гэтаму – старшы дзяржаўтаінспектар ДАІ РАУС Віктар Бурлакоў, які разам са сваёй сям’ёй прывёз перамогу з Полацка, дзе праходзіў сёлета футбольны сямейны фестываль.
– Паўдзельнічаць у фестывалі нам прапанавалі знаёмыя, – кажа Наталля Бурлакова (медсястра раённай бальніцы). – Згадзіліся, бо падтрымліваем здаровы лад жыцця. Да таго, наш сын-шасцікласнік Марк захапляецца футболам. Аматарамі гульні з’яўляюцца старэйшы сын адзінаццацікласнік Максім і муж. А мы з чатырохгадовай Анечкай падтрымліваем усе пачынанні моцнай паловы нашай сям’і. На спартыўным сямейным фестывалі мы выступалі ў розных камандах. Былі каманды мам і тат, а таксама дзіцячыя па ўзроставых катэгорыях. Кожны член сям’і прыносіў ачкі ў сямейную скарбонку. Самі не чакалі, што іх будзе так многа, і мы выйдзем у пераможцы.
Баявы настрой, азарт, вынослівасць, вера ў свае сілы, згуртаванасць – так ахарактарызавалі Бурлаковы сямейны футбольны фестываль. Вярнуліся дадому з незабыўнымі ўражаннямі і добрым настроем. А дзеці ўвогуле былі ў захапленні ад такога спартыўнага свята.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №76 ад 29.09.2020 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *