«Узрост нам не перашкода!» –
пад такой назвай на гарадскім стадыёне ў Шуміліне прайшло спартыўна-масавае мерапрыемства, прысвечанае Дню пажылых людзей.
На ўрачыстым адкрыцці мерапрыемства дырэктар фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Аляксей Ляснічы пажадаў удзельнікам здароўя і спартыўнага даўгалецця.
Сапраўды, на стадыёне ў гэты дзень вітала атмасфера спартыўнага свята, галоўнымі героямі якога сталі людзі сталага ўзросту. Не, у гэты дзень не было празмернай барацьбы на стартах і спартыўных перамог, але затое было зашмат усмешак і сяброўскай падтрымкі. Вось, напрыклад, мужчыны кампаніяй пайшлі на пляцоўку для гарадошнага спорту. Не бяда, што некаторыя з іх гулялі ў гарадкі толькі ў дзяцінстве – гэта аніяк не паўплывала на агульны настрой. А жанчыны, доўга не думаючы, з ахвотаю спаборнічалі ў футбольным конкурсе і паказвалі неблагія навыкі валодання мячом. Шмат станоўчых эмоцый падарылі дартс і стральба з пнеўматычнай зброі, шашкі і настольны тэніс.
Напрыканцы свята кожны ўдзельнік атрымаў салодкі пачастунак і сертыфікат на бясплатнае наведванне басейна.
Алесь САКАЛОЎ.
Апублікавана ў №78 ад 06.10.2020 г.