В Шумилинской центральной больнице прошла встреча ветеранов медицинской службы с молодыми специалистами

Главное Здоровье Общество

«Пераемнасць пакаленняў» –

такую назву мела святочнае мерапрыемства, якое прайшло ў мінулы чацвер у актавай зале Шумілінскай цэнтральнай раённай бальніцы і было прысвечана найперш Дню пажылых людзей.

Арганізатары задумалі яго як сустрэчу ветэранаў медыцынскай службы з маладымі спецыялістамі бальніцы. На свяце знайшлося месца ўспамінам, наказам, слушным парадам, віншаванням і песням. Атрымалася цёпла і душэўна.


Сапраўды, у ЦРБ шмат ветэранаў-медыкаў. Вунь толькі тых, хто прыйшоў на сустрэчу, цэлая актавая зала сабралася. А наогул, кажа старшыня ветэранскай арганізацыі медыкаў Раіса Каўгунова, паўтары сотні чалавек у іх на заслужаным адпачынку. Фота-прэзентацыя, якую падрыхтавалі арганізатары, вярнула многіх у гады іх маладосці, закранула душэўна, некаторых нават да слёз.
Трэба сказаць, што шмат у гэтай кагорце паважаных, аўтарытэтных, актыўных, вопытных і творчых, каму ёсць чым падзяліцца з маладымі і што параіць. Усё жыццё адпрацавала фельчарам хуткай дапамогі Марыя Якаўлеўна Якаўлева. Уся працоўная біяграфія Валянціны Мікалаеўны Чыжыкавай таксама звязана з Шумілінскай цэнтральнай раённай бальніцай. Яны прысвяцілі сваё жыццё медыцыне, цалкам аддаўшы сябе гэтай нялёгкай і вельмі важнай справе. Як і мама госці мерапрыемства Ларысы Мікалаеўны Жураўлёвай Ніна Еўдакімаўна Гарбачова. Ларыса Мікалаеўна вельмі дзякавала кіраўніцтву бальніцы і ўсім, хто свята захоўвае памяць пра яе маму.
Быць працалюбівымі і чалавекалюбівымі пажадаў моладзі кардыёлаг Віктар Васільевіч Улюценка, у адваротным выпадку можна загінуць, як спецыялісту. Параіў урач таксама развіваць у сябе пачуццё спагады.
Трымалі слова і маладыя, напэўна, самыя смелыя. Дарэчы, сёлета ЦРБ пабагацела на 11 маладых спецыялістаў, як урачоў, так і сярэдні медперсанал. Бліц-інтэрв’ю, своеасаблівы міні-экзамен вядучыя Зінаіда Сцержанкова і Аляксандр Барадзін правялі з урачом-гінеколагам Аляксандрам Маторам і загадчыцай Мішкавіцкага ФАПа Вікторыяй Міляк. Яны ж падзяліліся з прысутнымі сваімі ўражаннямі ад першага працоўнага месца, першых месяцаў работы і павіншавалі з Днём пажылых людзей сваіх калег, паабяцаўшы гэтак жа «гарэць на рабоце».
Здзівіла і парадавала сваёй жыццёвай энергіяй і аптымізмам ці не самая сталая ўдзельніца мерапрыемства – Еўдакія Іванаўна Васільева, якая ўзгадала гады сваёй работы, а ў дадатак яшчэ і праспявала.
А пасля спявалі ўсе разам – папуры з вядомых песень мінулых гадоў прапанавалі самадзейныя артысты Аляксей Цімафееў і Ірына Салаўёва, якія дапаўнялі свята душэўнымі песнямі.
Закончылася мерапрыемства чаяваннем з прысмакамі за агульным сталом, дзе таксама знайшлося месца і душэўным успамінам, і марам, і песням. Медыкаў былых не бывае, і такія сустрэчы яднаюць, пераемнасць пакаленняў працуе на агульную справу – лячыць людзей, дапамагаць ім у цяжкую хвіліну.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №78 ад 06.10.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *