Вялікі футбол пачынаецца з дваровых гульняў

Молодёжь Новости Спорт, туризм

Вялікі футбол пачынаецца з дваровых гульняў

У Шуміліне вызначыліся пераможцы абласных занальных спаборніцтваў па футболе сярод дзяцей і падлеткаў «Скураны мяч» на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Абласныя занальныя спаборніцтвы прайшлі ў Міёрах, Паставах, Лёзне і Шуміліне.

У нашай групе за выхад у фінал абласных спаборніцтваў змагаліся юныя футбалісты з Шуміліна, Ушач, Сянно, Бешанковічаў, Чашнікаў і Талачына. Спаборнічалі хлопчыкі ў трох узроставых групах і дзяўчынкі.

Намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава на адкрыцці спаборніцтваў адзначыла, што вялікі футбол пачынаецца менавіта з дваровых каманд, з жадання перамагаць і ісці далей. Ірына Іванаўна пажадала ўдзельнікам спаборніцтваў яркай гульні і спартыўных перамог.
Спаборніцтвы прайшлі на дзвюх спартыўных пляцоўках райцэнтра – гарадскім стадыёне і на новай футбольнай пляцоўцы ў «Верхнім горадзе».
На гарадскім стадыёне спаборнічалі футбалісты сярэдняй і старэйшай узроставых груп. Шумілінскія хлопцы выйсці ў фінал не змаглі. Перамогу ў сваіх катэгорыях святкавалі каманды з Сянно і Чашнікаў.
Малодшая ўзроставая група спаборнічала на футбольнай пляцоўцы ў «Верхнім горадзе». Сапраўдную галявую феерыю стварылі шумілінскія футбалісты, якіх трэніруе Уладзіслаў Траццякоў. У адным з матчаў нашы землякі забілі ў вароты сапернікаў 17 (!) галоў. Зразумела, што з такой гульнёй шумілінцы без праблем выйшлі ў фінал абласных спаборніцтваў.
Таксама ў фінал абласных спаборніцтваў выйшлі і шумілінскія дзяўчынкі, якіх трэніруе Уладзімір Кучко.
– Спаборніцтвы ў Шуміліне прайшлі на добрым узроўні. Магу з упэўненасцю сцвярджаць, што вы гатовы прымаць спаборніцтвы любога ўзроўню, – адзначыў супрацоўнік абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра фізічнага выхавання насельніцтва Глеб Лазоўскі. – Што тычыцца «Скуранога мяча», то каманды, якія перамаглі ў Шуміліне, будуць на вядучых ролях на абласным фінале, які пройдзе ў гэтым месяцы.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў № 80 ад 13.10.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *