Уладзімір Фядотаў: Мёртвыя застаюцца жывымі

Общество

Мёртвыя застаюцца жывымі

На той час, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, нашаму земляку Уладзіміру Фядотаву не было і адзінаццаці гадоў. А ў 12 ён сам ужо стаў у строй змагароў.

Уладзімір Фядотаў.

Уладзімір Фядотаў нарадзіўся 25 кастрычніка 1930 года ў вёсцы Заполле Казьянскага сельсавета Шумілінскага (тады Сіроцінскага) раёна.
Калі ў вёску Заполле прыйшлі фашысты, сям’я Фядотавых узялася за зброю: чацвёра – Міхаіл, Аляксандр, Ніна і Ліда – пайшлі ў партызаны. А Валодзя з братам Віктарам і бацькамі дапамагалі партызанам. Валодзя быў сувязным атрада №6 брыгады Сакмаркіна. Ён дастаўляў лясным салдатам хлеб, лекі, прыносіў важныя звесткі пра дыслакацыю варожых сіл.
Аднойчы пры выкананні задання яго разам з бацькам затрымалі карнікі, пачалі біць шомпаламі, рукаяткамі пісталетаў, хацелі дазнацца, дзе знаходзяцца партызаны. Бацька з сынам маўчалі. І тады фашысты адвялі бацьку ўбок і расстралялі. Валодзя ад пабояў і здзекаў страціў прытомнасць, упаў на зямлю, і фашысты вырашылі, што хлопчык мёртвы…
Пасля вайны Уладзімір Фядотаў пераехаў на Гродзеншчыну. Стаў журналістам і пісьменнікам. Працаваў у Шчучынскай раённай газеце «Савецкая вёска» (зараз «Дзянніца»). Напісаў дзве кнігі – дакументальную аповесць «Мёртвыя застаюцца жывымі» і аўтабіяграфічную «Сорак дзён». У яго было шмат планаў, але жыццё абарвалася вельмі рана. Уладзімір Фядотаў пражыў усяго 36 гадоў.
У гэтым юбілейным годзе, калі ўся грамадскасць адзначае 75-годдзе Вялікай Перамогі, мы пазнаёміліся з дачкой героя. Член саюза журналістаў Беларусі Ала Уладзіміраўна Фядотава працягвае мірную справу бацькі, і сёння яна дзеліцца з чытачамі газеты «Герой працы» сваімі кранальнымі ўспамінамі пра самага роднага ў свеце чалавека.

Мы памятаем яго маладым
«Майму бацьку – Уладзіміру Мікалаевічу Фядотаву, журналісту і пісьменніку – 25 кастрычніка споўнілася б 90 год. Аднак у маёй памяці ён назаўсёды застаўся маладым – мінула ўжо больш за паўстагоддзя, як ён пайшоў з жыцця. Выходзіць, пасля яго ўходу прайшло ўжо больш часу, чым доўжылася ягонае жыццё. А людзі памятаюць яго. Нездарма ж кажуць: чалавек жыве на зямлі, пакуль жыве памяць аб ім.
І я вельмі даражу гэтай памяццю, якая прарываецца ў шчымлівых радках сяброў-паэтаў, у нечаканых успамінах знаёмых і незнаёмых мне людзей, у сціплых букеціках з дзвюх пар кветак на магіле… Буду бясконца рада, калі ўспомняць пра майго бацьку і на яго малой радзіме – Шуміліншчыне.
Хто ведаў Уладзіміра Фядотава, гавораць аб ім з цеплынёй, адзначаюць яго дабрыню і тактоўнасць, прыстойнасць і таварыскасць, жыццялюбства і адданасць любімай справе. Бацька быў выдатным журналістам, пісаў лёгка, вобразна, закранаў актуальныя тэмы. Ён бываў у самых аддаленых вёсках, знаходзіў цікавыя лёсы, проста і захапляльна расказваў пра вяскоўцаў, ухваляў іх працавітасць і талент, у той жа час востра ўзнімаў надзённыя праблемы, аб’ектыўна выкрываў негатыўныя з’явы. З цікавасцю перачытваю яго артыкулы, што друкаваліся на старонках «Савецкай вёскі» ў 60-ыя гады. Уладзімір Фядотаў арганізаваў пры газеце літаб’яднанне, куды прыцягваў мясцовых паэтаў, а яшчэ ён быў старшынёй прафкама работнікаў культуры, умеў згуртаваць вакол сябе творчых людзей, быў натхняльнікам цікавых паездак, вечароў паэзіі. А па вечарах сядаў у зручнае крэсла, раскладваў на століку белыя лісты і запраўляў чарніламі аўтаручку. Адзін за адным спісаныя лісты адкладваліся ўбок. Так нараджаліся дакументальныя аповесці… Усё гэта, можа, было і залішне для яго натруджанага сэрца, але жыць інакш гэты чалавек не мог.

Кнігі Уладзіміра Фядотава «Мёртвыя застаюцца жывымі» і «Сорак дзён». Ніводную з іх ён не паспеў патрымаць у руках.

На жаль, мой тата не патрымаў у руках ніводную са сваіх кніг. Праз тыдзень пасля яго смерці ўбачыла свет першая кніга «Мёртвыя застаюцца жывымі». Дакументальная аповесць расказвае пра самаадданую барацьбу жыхароў вёскі Вялікая Воля, што мясцілася на беразе Шчары, з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, пра дзікую расправу, якую ўчынілі гітлераўцы над вяскоўцамі.
Тэма вайны была блізкай Уладзіміру Фядотаву. Ён з пакалення, якое са школьнай парты крочыла ў агонь вайны. У 1942 годзе вялікая сям’я Фядотавых знахо-дзілася ў партызанскім атрадзе брыгады Героя Савецкага Саюза С. М. Кароткіна, што дзейнічала ў Шумілінскім раёне. Дванаццацігадовы Валодзя быў сувязным у атрадзе, выконваў вельмі адказныя даручэнні. Партызанскае дзяцінства пакінула цяжкі след у душы майго бацькі, падарвала здароўе. Гэта яго збівалі акупанты на сельскай дарозе, гэта на яго вачах забілі бацьку, майго дзеда Мікалая. Тата цудам застаўся ў жывых, але вайна скараціла яго жыццё, пакінуўшы ў спадчыну хворае сэрца.
Пра гэта ён расказаў у сваёй другой аповесці «Сорак дзён», якая была выдадзена ў 1973 годзе выдавецтвам «Мастацкая літаратура». Праўдзівы расказ аб сарака днях жыцця пацыентаў санаторнага ізалятара не можа не крануць чытачоў. У вобразе хворага журналіста, ад імя якога вядзецца аповед, без цяжкасці пазнаецца мой бацька. Паралельна паказаны лёсы людзей, якія прайшлі скрозь агонь вайны, што апальвае іх сэрцы і трывожыць старыя раны праз многія гады. Аўтар тонка і глыбока раскрывае няпростыя характары сваіх герояў. Вельмі цёплую прадмову да гэтай аповесці напісаў Васіль Быкаў: «Прачытаўшы аповесць «Сорак дзён», з асаблівым болем разумееш, што смерць абарвала жыццё чалавека бясспрэчна таленавітага, абарвала ў той момант, калі ён дасягнуў найбольшых творчых магчымасцяў…».

Уладзімір Фядотаў (чацвётры злева) з калектывам рэдакцыі раённай газеты «Савецкая вёска».

…З дзяцінства запомніла пах друкарскай фарбы і крутую лесвіцу ў цемнаватым рэдакцыйным калідоры, па якой паднімалася на другі паверх і бегла ў кабінет да таты. З цікаўнасцю разглядвала макеты газетных палос, гранкі і вялізную настольную лямпу. Будучы дзяўчынкай, я і падумаць не магла, што мае радасныя экскурсіі ў рэдакцыю хутка закончацца. Зімой 1967-га шчучынцы праводзілі ў апошні шлях Уладзіміра Фядотава. Развітацца прыйшоў увесь горад, бо людзі добра ведалі яго і паважалі за справядлівасць, дабрыню душы, шчырае жаданне дапамагчы.
Уступаючы ў дарослае жыццё, я не вагалася ў выбары прафесіі: цвёрда ведала, што стану журналістам, як тата. Шчыра дзякую сваім настаўнікам, якія далі трывалыя веды, і я з лёгкасцю пераадолела ўніверсітэцкія прыступкі і прыехала працаваць у родную рэдакцыю. Пачынала радыёкарэспандэнтам, а па меры набыцця вопыту і прафесіяналізму мяняліся і пасады.
Журналісцкая праца надзвычай цяжкая. Колькі было бяссонных начэй, нахлынуўшых эмоцый, нястрыманых слёз ад пранікнення ў чужыя лёсы, такія цяжкія, парой трагічныя. Я любіла пісаць пра людзей, асабліва пра прадстаўнікоў ваеннага пакалення, гераічнага, нязломнага. Як жа часта ўспамінала бацьку, як мне не хапала яго парад і падказак.
… Няўмольна бяжыць час. Мала ў каго са шчучынцаў захаваліся кнігі Уладзіміра Фядотава. Якая ж была радасць, калі ў 2015 годзе да Дня беларускага пісьменства (які праходзіў тады ў Шчучыне) выдавецтва «Мастацкая літаратура» перавыдала аповесць «Мёртвыя застаюцца жывымі». Так што кніга майго бацькі зноў знайшла чытачоў.
За сваё кароткае жыццё Уладзімір Фядотаў многае паспеў зрабіць, а самае галоўнае – ён увекавечыў у сваіх кнігах подзвіг землякоў».
Падрыхтавала Аліна ПЯТРОВА.
Фота з архіва Алы ФЯДОТАВАЙ.
Апублікавана ў №83 ад 23.10.2020 г.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *