«Чалавек года Шуміліншчыны»: Юрый Італьянцаў

Главное Общество Экономика

Усё пачынаецца з дарогі

Па выніках работы за мінулы год ганаровае званне «Чалавек года Шуміліншчыны» ў намінацыі «Жыллёва-камунальная і дарожная гаспадарка, будаўніцтва і архітэктура, паліўна-энергетычны комплекс, сувязь, транспарт і камунікацыі» прысвоена Італьянцаву Юрыю Віктаравічу, дарожнаму рабочаму 4 разраду філіяла «Шумілінскае дарожнае рамонтна-будаўнічае ўпраўленне № 204» КПРБУП «Віцебскаблдарбуд».

Усё ў жыцці пачынаецца з дарогі, лічыць Юрый Віктаравіч Італьянцаў. Дарогі злучаюць людзей і іх лёсы. Ды ўсё наша жыццё і ёсць дарога: дадому, на вучобу, на работу, да каханых і блізкіх. Кожнаму, хто ад’язджае, мы жадаем добрай дарогі. А стан дарог у нашым раёне ў першую чаргу залежыць ад тых, хто працуе ў ДРБУ-204. Значыць, і ад Юрыя Італьянцава таксама.
Лескавіцкі хлопец, ён вывучыўся ў Лужасне на агранома, некалькі гадоў працаваў па спецыяльнасці ў сельгастэхніцы. А калі адбылася рэарганізацыя прадпрыемства, прапанавалі пайсці ў дарожную арганізацыю. Згадзіўся і не шкадуе аб гэтым. Лічыць сваю работу цікавай і патрэбнай людзям.
Рабочы дзень Юрыя Італьянцава, як і яго калег, пачынаецца з планавання задання, якое даводзіць майстар на дзень. На мінулым тыдні, напрыклад, асфальтавалі тратуар па вуліцы Луначарскага. Юрый Віктаравіч разам з калегамі раскідваў рыдлёўкамі асфальтабетонную сумесь, якую прывозілі на МАЗе. Потым раўняў паверхню, каб зручней было працаваць асфальтаўкладчыку.
– Работа ў нас разнастайная. Інструментаў і механізмаў таксама многа, – усміхаецца Юрый Італьянцаў. – Калі трэба ўшчыльніць асфальт у вузкіх месцах, то бяру ў рукі вібрапліту. На пару з калегам працуем па абодва бакі ад асфальтаўкладчыка, дзе кіруем камп’ютарам: задаём патрэбныя параметры вышыні і таўшчыні. Напружаная работа з вясны і да восені: ямкавы рамонт дарог, бягучы і капітальны. Працуем з бензарэзамі – гэтая фрэза дапамагае зрабіць плаўную стыкоўку старога і новага асфальту.
У міжсезонны перыяд работы не менш: устаноўка дарожных знакаў, догляд прыпынкаў і мастоў, уборка абочын. Юрыю Італьянцаву, чалавеку акуратнаму і карпатліваму, хочацца заклікаць людзей паважаць чужую работу, бо якога толькі смецця ні прыходзіцца вывозіць дарожнікам з абочын.
І з прыходам зімы работы ў дарожнікаў не становіцца менш, проста яна іншая. «Калі няма рамонтных работ, гэта не значыць, што мы сядзім склаўшы рукі. Чысцім снег на абочынах і прыпынках, аснашчаем праблемныя месцы пясчана-салявой сумессю, – расказвае Юрый Віктаравіч. – А яшчэ займаемся высечкай кустоўя на абочынах дарог. У першую чаргу ў месцах, дзе абмежавана бачнасць. Адным словам, адказваем яшчэ і за бяспеку дарожнага руху на дарогах.
Юрыя Італьянцава вылучалі на прысуджэнне звання «Чалавек года Шуміліншчыны» на агульным сходзе калектыву прадпрыемства. «Усе нашы работнікі прагаласавалі “за”, бо ведаюць, наколькі Юрый Віктаравіч працавіты, старанны і адказны, – кажа начальнік ДРБУ-204 Уладзімір Раманаў. – Менавіта на такіх працаўніках і трымаецца прадпрыемства. Яно перажывала розныя часы, былі ўзлёты і падзенні, але за трыццаць год, што працуе Юрый Італьянцаў, ён ніколі не здрадзіў прафесіі, і за гэта вялікі дзякуй».
Юрый Італьянцаў не толькі сумленны работнік, але і добры муж, клапатлівы бацька і дзядуля для дачкі Таццяны і маленькага ўнучка Ягоркі. Жонка Марына, з якой Юрый Віктаравіч жыве разам амаль трыццаць гадоў, расказала, што ў вольны час муж любіць парыбачыць, але ж галоўнае для яго – работа і сям’я. Калі там парадак, спакой і дабрабыт – мужчына адчувае сябе шчаслівым.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №83 ад 23.10.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *