Музею Обольского комсомольского подполья – 55

Беларусь помніць Главное

Легенда Обалі. Легенда Беларусі

29 кастрычніка спаўняецца 55 год з дня адкрыцця музея Обальскага камсамольскага падполля

Тут нарадзіліся «Юныя мсціўцы»
Фашысты прыйшлі ў Шуміліна 8 ліпеня 1941 года. І адразу ж пачаліся карныя аперацыі. У Шумілінскім раёне за гады акупацыі ворагі знішчылі 133 вёскі з 341. У агні і катаваннях згарэла 1967 жыццяў. 24 вёскі так і не адрадзіліся пасля вайны.
У пасёлку Обаль, які фашысты з-за зручнасці чыгуначных і аўтамабільных шляхоў абралі сваім асноўным пунктам дыслакацыі, у ліку першых на барацьбу з ворагам паўсталі юнакі і дзяўчаты.
Менавіта тут ў пачатку 1942 года ўзнікла падпольная камсамольская арганізацыя «Юныя мсціўцы». У яе ўвайшлі 38 юнакоў і дзяўчат з вёсак Ушалы, Зуі, Масцішча, Ферма і станцыі Обаль. Сярод іх былі Ніна Давыдава, Мікалай Аляксееў, Фёдар Слышанкоў, Антаніна Лузгіна, Аркадзь Барбашоў, Марыя і Дзмітрый Храбценкі, Ніна Антонік, Надзея Дзяменцьева і іншыя.
Кіруючае ядро складалі Фруза Зянькова, Марыя Дзяменцьева, Уладзімір, Ілья і Яўген Езавітавы, Марыя Лузгіна, Зіна Партнова, Ніна Азоліна, Валянціна Шашкова. Усе юныя падпольшчыкі былі залічаны ў партызанскі атрад імя Варашылава.
Самай дарослай з іх была 20-гадовая Фруза Зянькова з вёскі Ушалы, якую абралі сакратаром арганізацыі. Яна адна з нямногіх, каму пашчасціла выжыць і ўбачыць свой край вольным.
Самай юнай падпольшчыцай была Зіна Партнова. 15-гадовая ленінградская школьніца прыехала да бабулі на канікулы, і тут яе заспела вайна. Смелая, гордая, яна прайшла праз нечалавечую лютасць, здзекі, прыняла пакутлівую смерць, каб застацца ў нашай памяці няскораным сімвалам свабоды. Яе ўчынак, калі падчас допытаў у гестапа, яна схапіла пісталет следчага і застрэліла фашыста, сёння стаў легендай. Ёй не ўдалося вырвацца з лап фашыстаў, але сваім кароткім, яркім, як факел, жыццём 15-гадовая школьніца высока ўзняла сцяг веры ў Перамогу.
У 1958 годзе Ефрасінні Зяньковай і Зінаідзе Партновай (пасмяротна) прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Сумачка Ніны Азолінай з вугальнай мінай, якой яна ўзарвала вадакачку.

Юныя мсціўцы здзейснілі шмат дыверсій. Яны ўзарвалі электрастанцыю, цагельны завод, чыгуначны склад і матавоз на тарфяным заводзе, спалілі льнозавод з дзвюма тысячамі тон лёну, прыгатаванымі да адпраўкі ў Германію. Падпольшчыку Уладзіміру Езавітаву ўдалося ўзарваць афіцэра-карніка Карла Бормана разам з яго машынай…
5 удзельнікаў Обальскага падполля ўзнагароджаны ордэнам Баявога Чырвонага Сцяга, 10 – ордэнам Айчыннай вайны I ступені. 12 ардэнаносцаў – пасмяротна.

З гісторыі стварэння музея
Усё пачалося з таго, што обальскія вучні вырашылі стварыць у сваёй школе музей, прысвечаны подзвігам аднагодкаў у гады вайны.

Падчас пошукавай работы краязнаўчага гуртка пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі М. К. Езавітавай і завуча школы А. Ц. Сокалава быў сабраны матэрыял пра жыццё і баявую дзейнасць юных падпольшчыкаў, які лёг у аснову стварэння школьнага музея, што ўрачыста адкрыўся 29 кастрычніка 1958 года да 40-годдзя ВЛКСМ. Дырэктарам школьнага музея стаў удзельнік Обальскага камсамольскага падполля Аркадзь Мікалаевіч Барбашоў. Музей карыстаўся папулярнасцю і неўзабаве яму стала цесна ў сценах школы.
29 кастрычніка 1965 года на падставе рашэння Міністэрства культуры БССР у г. п. Обаль быў заснаваны Рэспубліканскі музей камсамольскай славы – філіял Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Першым яго загадчыкам стаў Фёдар Піліпавіч Хорань. А ў 1966 годзе на гэту пасаду прыйшла Нэлі Адольфаўна Азоліна. Нэлі Адольфаўна 47 гадоў свайго жыцця аддала музейнай рабоце, 36 з якіх з’яўлялася дырэктарам музея. Выбар месца працы ёю быў зроблены свядома: да гэтага абавязвала памяць пра старэйшую сястру Ніну Азоліну, падпольшчыцу камсамольскай арганізацыі «Юныя мсціўцы», якая трагічна загінула.
Першапачаткова матэрыялы музея адлюстроўвалі гераічны шлях, пройдзены камсамолам Беларусі за гісторыю свайго існавання.

У 1985 годзе, пасля правядзення рээкспазіцыі, музей быў перайменаваны ў музей Обальскага камсамольскага падполля ў памяць пра подзвігі юных мсціўцаў Обальшчыны. З 1 студзеня 1990 года музей перададзены ў распараджэнне Віцебскага абласнога ўпраўлення культуры, а з 1 красавіка 2002 года ён стаў філіялам Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея.
У 2008 годзе была праведзена маштабная рэканструкцыя музея. Абноўленая экспазіцыя, багатая новымі экспанатамі і інсталяцыямі, адпаведнае асвятленне і сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі дазваляюць наведвальнікам музея больш поўна адчуць трагізм ваенных падзей.

Мы памятаем пра подзвіг
Дырэктар Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея Святлана Іванова кажа: «Без перабольшвання можна сказаць, што сёння музей Обальскага камсамольскага падполля з’яўляецца візітнай карткай раёна.

У музеі сабрана больш за 1500 экспанатаў асноўнага фонду і 800 – навукова-дапаможнага. Аснову экспазіцыі ўтвараюць матэрыялы пра дзейнасць падпольнай камсамольскай арганізацыі «Юныя мсціўцы». Сярод унікальных экспанатаў – дакументы, фотаздымкі, асабістыя рэчы герояў-камсамольцаў, творы выяўленчага мастацтва, якія адлюстроўваюць подзвіг обальскіх маладагвардзейцаў. Некаторыя з іх прызнаны асабліва каштоўнымі і ўнесены ў Дзяржаўны каталог Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь. Сотні тысяч наведвальнікаў пабывалі ў музеі за гады існавання, у сярэднім за год музей наведвае больш за 4,5 тысячы чалавек.
За 55-гадовую гісторыю музей у сваіх сценах прымаў дэлегацыі не толькі з розных куткоў нашай краіны, але і з краін былога Савецкага Саюза, блізкага і далёкага замежжа. У розныя гады ганаровымі гасцямі музея Обальскага камсамольскага падполля былі: першы сакратар ЦК КПБ П. М. Машэраў (1978 г.), міністр культуры Рэспублікі Беларусь У. Ф. Мацвяйчук (менавіта Уладзімір Фёдаравіч зрабіў у 2008 годзе першы запіс у Кнізе ганаровых гасцей у адноўленым музеі), міністр культуры Рэспублікі Беларусь Б. У. Святлоў (2014 г.), дэпутат Дзяржаўнай думы Расійскай Федэрацыі У. І. Афонскі (2015 г.). Частымі гасцямі ў музеі былі маці і сястра З. М. Партновай – Г. І. Партнова і Г. М. Мельнікава-Партнова, Герой Савецкага Саюза, былы вучань Обальскай школы, генерал-маёр М. К. Спірыдзенка, ветэраны 43-й Арміі, удзельнікі вызвалення Обалі і многія іншыя».

Дзверы музея адчынены для ўсіх
Будынак музея размяшчаецца на тэрыторыі сядзібна-паркавага комплексу Грабніцкіх, які адносіцца да помнікаў архітэктуры першай паловы XIX стагоддзя і занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Музей – гэта той мост, які злучае мінулае і будучае, пераканана захавальніца музейных каштоўнасцей музея Обальскага камсамольскага падполля Лёля Паўлаўна Лузгіна, якая ў гэтыя дні разам з юбілеем музея святкуе і свой асабісты юбілей. Лёс прывёў яе на работу ў музей дзесяць год таму. Ураджэнка Обалі, чый бацька ваяваў у партызанскай брыгадзе Леніна, яна расла і выхоўвалася на бессмяротных подзвігах славутых обальскіх падпольшчыкаў, ёй нават пашчасціла асабіста сустракацца з Ефрасінняй Зяньковай. Кожны раз, калі яна вядзе экскурсантаў па залах музея, аповед пра юных обальскіх мсціўцаў ідзе ад сэрца.
І гэта правільна, што менавіта ў залах музея Обальскага камсамольскага падполля праходзяць урокі мужнасці, урачыстыя лінейкі, ла-дзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя памятным датам краіны і раёна, тут моладзь вывучае гісторыю свайго краю.
Аліна ПЯТРОВА. Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №84 ад 27.10.2020 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *