На кантролі – пытанні добраўпарадкавання і прафілактыка злачыннасці

Общество Президент

На кантролі – пытанні добраўпарадкавання і прафілактыка злачыннасці

Вынікі работы па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў раёна ў 2020 годзе, а таксама пытанні прафілактыкі рэцыдыўнай злачыннасці былі разгледжаны на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта 23 кастрычніка. У пасяджэнні райвыканкама бралі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ірына Палякова, начальнік аддзела Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Андрэй Шавель.

Адкрываючы пасяджэнне, старшыня райвыканкама Віктар Гутараў адзначыў, што пытанне добраўпарадкавання населеных пунктаў тычыцца практычна кожнага чалавека. У рабоце важна аператыўна вырашаць праблемы, якія ставяць жыхары раёна. Наогул, трэба працаваць на іх апярэджанне, а не чакаць, калі скаргі ад людзей паступяць у вышэйшыя інстанцыі. Кіраўнік раёна звярнуў увагу на неабходнасць якаснага выканання работ пры добраўпарадкаванні, каб не прыходзілася перарабляць праз кароткі час.
Намеснік старшыні райвыканкама Руслан Насцюшкін прадставіў інфармацыю аб выніках работы ў бягучым годзе. Так, штогод праводзіцца работа па добраўпарадкаванні месцаў баявой і воінскай славы, брацкіх могілак воінаў і партызан Вялікай Айчыннай вайны. Сёлета работы былі праведзены ў г. п. Обаль, на вайсковых могілках Тропіна, Дворышча, Язвіна, на комплексе зараджэння партызанскага руху «Корна». Пастаянна вядзецца работа па ўтрыманні грамадзянскіх могілак: санітарная ачыстка, рамонт і грэйдзіраванне пад’ездаў, выдаленне аварыйных дрэў, уборка смецця.
Праведзены рамонт 92 дзіцячых спартыўна-гульнявых пляцовак. У г. п. Обаль з’явіліся 2 новыя гульнявыя комплексы на суму 21,5 тыс. рублёў, усталяваныя УП ЖКГ, і адна пляцоўка коштам 2 тыс. рублёў, набытая ААТ «Обальскі керамічны завод», будзе ўсталявана да канца месяца. Дзве сучасныя спартыўныя пляцоўкі са штучным пакрыццём з’явіліся ў мікрараёнах Шуміліна, пляцоўкі актыўна выкарыстоўваюцца дзецьмі і дарослымі.
У населеных пунктах раёна вядзецца работа па рамонце фасадаў жылых і вытворчых, дарожнага пакрыцця, догляд за зялёнымі насаджэннямі, добраўпарадкаванне месцаў адпачынку і многае іншае – пытанні ўключаюць вялікі шматбаковы комплекс. Для навядзення парадку ў аграгарадках і вёсках выкарыстоўваюцца сродкі грамадзян (самаабкладанне), грамадскія работы, на якія прыцягваюцца беспрацоўныя.
Дакладчык падкрэсліў важнасць грамадскай ініцыятывы ў навядзенні парадку ў населеных пунктах. Сёлета такіх прыкладаў шмат: сіламі жыхароў разам з мясцовымі ўладамі добраўпарадкаваны могілкі в. Непароты, зроблена спартыўная пляцоўка ў в. Прыазёрная, грамадскае аб’яднанне «ЭкаБум» рэалізавала праект «Новае жыццё двара «Прамень» па вул. Юбілейная, 75 у райцэнтры. УП ЖКГ разам з ГА «ЭкаБум» правяло конкурс дваровых тэрыторый, што выклікала актыўны ўдзел жыхароў шматпавярховых дамоў у добраўпарадкаванні двароў у Шуміліне (было пададзена 9 заявак). Двары-пераможцы атрымалі дзіцячыя гульнявыя і спартыўныя міні-комплексы. Хочацца, каб такія ініцыятывы знайшлі адлюстраванне і ў будучым, адзначыў Руслан Насцюшкін.
З інфармацыяй аб навядзенні парадку на зямлі выступіла начальнік аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Зоя Гарэленкава, якая сказала, што ў рамках кантролю за выкарыстаннем зямлі выяўлена 29 парушэнняў, вінаватыя прыцягнуты да адказнасці, у тым ліку 10 службовых асоб, адпраўлена 218 лістоў аб навядзенні парадку.
Старшыня райвыканкама адзначыў нездавальняючы ўзровень работы па рэалізацыі зямельных участкаў у сельскай мясцовасці, а таксама па некаторых пытаннях выкарыстання зямлі сельскагаспадарчымі арганізацыямі.
Прадстаўнік абласнога упраўлення МНС Андрэй Шавель звярнуў увагу на такія пытанні, як знос пустуючых і лядашчых дамоў, меры бяспекі на аварыйных будынках і будынках, якія не выкарыстоўваюцца.
Па выніках абмеркавання прынята рашэнне, якое вызначае асноўныя напрамкі работы на будучае.
Аб мерах, якія прымаюцца суб’ектамі прафілактыкі па папярэджанні рэцыдыўнай злачыннасці, злачынстваў супраць жыцця і здароўя грамадзян праінфармаваў першы намеснік начальніка РАУС Уладзімір Петухоў.
Уладзімір Сямёнавіч акрэсліў асноўныя напрамкі, па якіх вядзецца прафілактычная работа: кантроль за пэўнымі катэгорыямі грамадзян, прафілактычная работа з імі, выяўленне, а таксама ліквідацыя прычын і ўмоў, якія спрыяюць рэцыдыўнай злачыннасці. У дакладзе адзначалася, што па выніках 9 месяцаў бягучага года назіраецца тэндэнцыя на зніжэнне ўзроўню злачыннасці са 169 да 142 (на 16% да адпаведнага перыяду мінулага года). Разам з тым узровень крыміналізацыі на 10 тысяч насельніцтва застаецца высокім – 80,2 (па вобласці 61, па рэспубліцы 67,5). Колькасць злачынстваў, якія здзейснены раней судзімымі асобамі, зніжана на 41,8% (з 55 да 32). Гэта вынік пастаяннай шматбаковай работы супрацоўнікаў РАУС.
У якасці прыярытэтных напрамкаў работы на будучыню дакладчык назваў павышэнне якасці і эфектыўнасці работы па сацыяльнай і працоўнай адаптацыі асоб, якія маюць судзімасць, і ўзмацненне кантролю за вызначанымі катэгорыямі асоб па месцы іх жыхарства з мэтай недапушчэння правапарушэнняў з іх боку.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №84 ад 27.10.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *