Здарэнні. Крымінал

Происшествия

Здарэнні. Крымінал

Пра здарэнні ў раёне расказаў намеснік начальніка РАУС Аляксандр Шумінскі.

Крадзяжы ва Узрэччы
У РАУС звярнуўся жыхар райцэнтра, які расказаў, што нейкі злодзей пабываў у ягоным дачным доме ў в. Узрэчча. Ліхадзей выставіў аконную раму, прабраўся ў дом і ўкраў лодачны матор, эхалот, помпу для вады.
Праз дзень у міліцыю звярнуўся жыхар Віцебска, які таксама трымае дачу ва Узрэччы. Акно ў ягоным доме таксама было выстаўлена. Прапалі бензапіла, вуглавая шліфавальная машынка і спіртное. Урон ацэнены больш як на 400 рублёў. Па абодвух крадзяжах узбуджана крымінальная справа. Злачынцы вышукваюцца.
Прысваенне
Супрацоўнікі аддзялення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі РАУС узбудзілі крымінальную справу супраць прадаўца Бешанковіцкага райспажыўтаварыства. Будучы матэрыяльна адказнай асобай, яна прысвоіла 7790 рублёў. За гэта па ч. 2 арт. 211 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь пагражае пазбаўленне волі ад 2 да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць вызначаныя пасады або займацца вызначанай дзейнасцю.
Пагроза забойствам
Па матэрыялах праверкі ўчастковых інспектараў РАУС узбуджана крымінальная справа супраць жыхара в. Гульбішча. Знаходзячыся па месцы жыхарства, мужчына пагражаў забойствам сваёй сужыцельцы, пры гэтым схапіў яе за шыю і моцна сціснуў рукамі. Згодна з арт. 86 «Пагроза забойствам» Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь мужчыну пагражае пазбаўленне волі да двух гадоў.

Са зводак ДАІ
Без правоў
Супрацоўнікамі РАУС на Р-20 затрыманы індывідуальны прадпрымальнік з Лепеля, які, не маючы правоў кіравання, ехаў на «Мерседэсе». Такое правапарушэнне ў яго было ўжо другім на працягу года. Пагражае штраф ад 20 да 50 БВ або арышт да 15 сутак. Акрамя гэтага, мужчына своечасова не здаў вадзіцельскае пасведчанне (быў пазбаўлены правоў год таму). У час затрымання супрацоўнікі ДАІ канфіскавалі пасведчанне, і тэрмін пазбаўлення вадзіцельскіх правоў лічыцца з гэтага дня. Гэта значыць, мужчына сам сабе прадоўжыў тэрмін пазбаўлення вадзіцельскіх правоў на год.
На матацыкле
Супрацоўнікі ДАІ затрымалі ля Лявонава мясцовага жыхара, які ехаў на матацыкле без правоў кіравання і без шлема. Складзены адміністрацыйны пратакол, пагражае штраф да 15 БВ.
Запраўка
Жыхар Віцебска пасля запраўкі свайго аўтамабіля «Шкода» на аўтазаправачнай станцыі ў Мікіцісе не дастаў палівараздатачны кран з гарлавіны бака і пачаў рухацца. Кран быў сарваны, за што пагражае штраф да 0,5 БВ.
Апублікавана ў №90 ад 17.11.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *