На жывёлагадоўчым комплексе сельcкагаспадарчага прадпрыемства «Лаўжанскае» поўным ходам ідзе рэканструкцыя

Новости Сельское хозяйство

На комплексе ідзе рэканструкцыя

На жывёлагадоўчым комплексе сельcкагаспадарчага прадпрыемства «Лаўжанскае» поўным ходам ідзе рэканструкцыя


Комплекс, пабудаваны ў пачатку 1980-х, састарэў маральна і фізічна. Пры падтрымцы бюджэту рамонт паступова вёўся. Але новае дыханне рэканструкцыя атрымала з уключэннем прадпрыемства ў Віцебскую інтэграцыйную структуру (ВІС) на чале з Віцебскім мясакамбінатам. Пяць памяшканняў трэцяга перыяду для ўтрымання маладняку стаялі незапатрабаваныя з 90-х гадоў. Тут была «забіта» сістэма гноевыдалення, а каб яе адрамантаваць, у гаспадарцы не ставала грошай. Сёлета спецыялісты ВІС вырашылі правесці рэканструкцыю даўно забытых памяшканняў. Дзеля гэтага аказалі гаспадарцы падтрымку матэрыяламі, грашыма, тэхнікай.
«Падрыхтоўчыя работы для рэканструкцыі пачалі весці яшчэ ў жніўні, – расказаў галоўны інжынер Віцебскага мясакамбіната Аляксей Арлоў. – Рэканструкцыя трэцяга перыяду – гэта пробны варыянт. Дэманціравалі старое абсталяванне, зрабілі падсыпку, забетаніравалі падлогу. Цяпер жывёла будзе стаяць на глыбокай падсцілцы. Гной выдаляць мяркуецца бульдозерам. Такая тэхналогія прасцейшая і больш прымальная для нашых умоў. Мы аднаўляем сістэму водапаення, робім выгульныя пляцоўкі, праводзім электраасвятленне. Дах будзе зроблены з полікарбанату, што дазволіць даць дадатковае святло ў памяшканні і эканоміць электраэнергію».
Рэканструкцыю ў «Лаўжанскім» вядуць гаспадарчым спосабам, бо так танней. «Па дагаворы падраду нанялі віцебскіх рабочых. Прыйшлі да нас працаваць і мясцовыя будаўнікі, – кажа дырэктар гаспадаркі Анатоль Зянькоў. – Многія з тых, хто ездзіў раней у Расію, з-за пандэміі засталіся дома і ўладкаваліся да нас. Людзі задаволены, бо заробкі добрыя – да паўтары тысячы рублёў у месяц».
Разам з Анатолем Віктаравічам ідзём на будаўнічы аб’ект. На адным краі пляцоўкі працуе бетонамяшалка, да другім з аўтамабіля разгружаюць будаўнічыя матэрыялы. Да рабочых, якія займаюцца будаўніцтвам гноесховішча, пад’язджае экскаватар. Яшчэ адна брыгада рупіцца на даху.
– Зараз на комплексе знаходзіцца 6 тысяч галоў жывёлы. Пасля здачы першага памяшкання зможам паставіць яшчэ каля 600 галоў, – працягвае размову Анатоль Зянькоў. – А такіх памяшканняў, якія трэба рэканструяваць, у нас пяць. Першае памяшканне, якое абы-дзецца амаль у дзвесце тысяч рублёў, плануем здаць да сярэдзіны снежня. Уласных бычкоў наўрад ці назбіраем 600, але ж абяцалі дапамагчы з Віцебскага мясакамбіната, у структуру якога ўваходзіць многа сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.
Рэканструкцыя комплексу будзе працягвацца ўвесь наступны год. Чым больш жывёлагадоўчых памяшканняў будзе на комплексе – тым больш тут будзе працоўных месцаў. Пасля заканчэння будаўніцтва мы зможам дадаткова паставіць яшчэ тры тысячы бычкоў. Гэта значыць, на комплексе будзе дзевяць тысяч галоў жывёлы. Новыя памяшканні будуць светлымі, цёплымі, сухімі. Пры выкананні тэхналогіі кармлення спадзяемся на добрыя прывагі».
Комплекс па вырошчванні буйной рагатай жывёлы ў «Лаўжанскім» – адзіны ў Шумілінскім раёне. І ў яго развіцці зацікаўлены як непасрэдна сама гаспадарка, так і раён у цэлым. Калі на комплекс паставяць больш бычкоў – гэта значыць, больш будзе здадзена жывёлы на Віцебскі мясакамбінат, які атрымае дадатковую сыравіну для вытворчасці мясной прадукцыі, а гаспадарка атрымае грошы на зарплату, запчасткі і іншыя патрэбы.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Апублікавана ў №93 ад 27.11.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *