Проверили, как в Шумилино соблюдается масочный режим

Главное Общество

Маска – галоўны атрыбут сённяшняга дня

Як дзейнічае масачны рэжым, выконваюцца іншыя меры засцярогі ад распаўсюджання вірусных інфекцый на аб’ектах гандлю і прадпрыемствах раёна высвятлялі старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вячаслаў Емяльянаў і памочнік урача-гігіеніста РЦГЭ Алеся Сафроненка. У рэйдзе брала ўдзел і карэспандэнт раённай газеты.

Згодна з рашэннем раённага выканаўчага камітэта з 12 лістапада бягучага года ў нашым раёне ўведзены абавязковы масачны рэжым. Гэта ў першую чаргу тычыцца аб’ектаў з масавым знаходжаннем людзей, – магазінаў, аддзяленняў сувязі, банкаў, аптэк, адміністрацыйных будынкаў, устаноў адукацыі, аховы здароўя, культуры, спорту і іншых. Удзельнікі рэйду пабывалі на некаторых аб’ектах райцэнтра.
Напэўна, больш за ўсіх антывіруснай амуніцыяй забяспечаны прадаўцы магазіна «Метан» – яны носяць маскі, а ў дадатак і ахоўныя шчыткі. «Пра нас так паклапацілася кіраўніцтва прадпрыемства, – расказала прадавец магазіна Ілона Шэдзько. – Кожны шчыток у нас індывідуальны, рэгулярна яго апрацоўваем антысептычнымі сродкамі. Што тычыцца пакупнікоў, то яны зараз практычна ўсе ў масках. А калі няма ў каго – прапануем купіць на касе». Дарэчы, у работнікаў РЦГЭ да «Метана» не было прэтэнзій: у кафэ сталы расстаўлены з захаваннем бяспечнай дыстанцыі, у магазіне зроблена разметка для пакупнікоў, усім работнікам раніцай вымяраюць тэмпературу бескантакным тэрмометрам і запісваюць у журнал, ёсць антысэптыкі для пакупнікоў, вільготная ўборка – кожныя дзве гадзіны, на сцяне вывешана інфармацыя для пакупнікоў па прафілактыцы інфекцыі.
Дарэчы, Алеся Сафроненка ўказала некаторым пакупнікам на памылкі пры нашэнні масак: надзяваць іх трэба, утрымліваючы за завязкі, на нос і рот. Калі маска закрывае толькі рот (такое часам можна ўбачыць) – гэта не дае аховы, бо інфекцыя пранікае ў арганізм менавіта праз слізістую носа пры ўдыханні паветра з вірусамі.
– Купіце маску, паберажыце сябе! – прапаноўвае прадавец магазіна «Тамара-гандаль» мужчыну, што зайшоў у магазін.
І той без слова дастае з кішэні грошы і надзявае маску. Так, людзі ўжо звыкліся з той думкай, што масачны рэжым абавязковы для выканання.
Але ж людзі розныя, з рознымі характарамі і поглядамі. Што робяць прадаўцы, калі пакупнік без маскі, мы пацікавіліся ў дырэктара «Еўраопта» Уладзіміра Какушкіна.
– У нас устаноўка такая: прапанаваць пакупніку купіць маску, – расказаў Уладзімір. – Ну, а калі той адмовіўся (такое бывае рэдка), усё роўна абслужыць чалавека, які прыйшоў у магазін. Адмовіць у пакупцы не маем права. Заядлых праціўнікаў масак нямнога, за дзень трапляецца адзін-два чалавекі.
У дзвюх шумілінскіх аптэках у цэнтры ўсе без выключэння – і правізары, і пакупнікі – былі ў масках.
Ва УП ЖКГ удзельнікаў рэйду без масак не пусцілі далей уваходных дзвярэй. Прапанавалі апрацаваць рукі антысэптыкам. Да вядзення неабходных дакументаў у работніка санітарнай службы тут не было прэтэнзій. На прадпрыемстве цікавіліся, ці трэба насіць маскі ў кабінетах.
– Калі вы ў кабінеце адзін ці кабінет вялікі і ёсць магчымасць захоўваць дыстанцыю ў паўтара-два метры, то маска неабавязковая, – патлумачыла Алеся Сафроненка. – У адваротным выпадку маскай трэба карыстацца.
Падчас рэйду былі выяўлены і парушэнні. Так, у Раёне электрасетак не ўсе работнікі, якія працавалі з насельніцтвам, былі ў масках. У ДРБУ-204 адсутнічаў план мерапрыемстваў па прафілактыцы каранавіруснай інфекцыі, у ПМК-70 адна з работніц абслугоўвала насельніцтва без маскі. Усе парушальнікі атрымалі папярэджанне ад работніка РЦГЭ.
Ці можна за адсутнасць маскі атрымаць штраф? – такое пытанне падчас рэйду задавалі на многіх прадпрыемствах.
– Згодна з пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 30 кастрычніка 2020 года № 92 «Аб змяненні ў пастанове Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 29 снежня 2012 года № 217» санітарныя мерапрыемствы, накіраваныя на папярэджанне ўзнікнення і распаўсюджвання інфекцыі COVID-19, павінны быць вызначаны ў комплексных планах, якія даведзены кожнаму прадпрыемству і арганізацыі, – расказала галоўны санітарны ўрач раёна Крысціна Афанасьева. – У гэтай жа пастанове адзначана, што ўсе работнікі, якія задзейнічаны ў абслугоўваннім насельніцтва, павінны выкарыстоўваць сродкі індывідуальнай аховы. Згодна з арт. 16.8 КоАП «Парушэнне санітарна-эпідэміялагічных, гігіенічных патрабаванняў і працэдур, устаноўленых тэхнічнымі рэгламентамі, санітарных нормаў і правілаў, гігіенічных нарматываў» за парушэнне санэпідпрацэдур пагражае штраф: фізічным асобам – да 30 БВ, індывідуальным прадпрымальнікам – да 200 БВ, юрыдычным асобам – да 500 БВ.
У нашым раёне ўжо зафіксаваны падобныя парушэнні. Напрыклад, работнікі прыватных гандлёвых прадпрыемстваў «Бруснічка» і «ЛоліяГандаль» не выкарыстоўвалі індывідуальныя сродкі аховы органаў дыхання, за што атрымалі на першы раз мінімальны штраф. Ёсць парушэнні і ў некаторых установах адукацыі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №94 ад 01.11.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *