У 2020 годзе Шумілінская ПМК-70 выйграла 36 тэндараў на правядзенне будаўнічых работ

Главное Экономика

Выйграны тэндар – поспех прадпрыемства

У 2020 годзе Шумілінская ПМК-70 выйграла 36 тэндараў на правядзенне будаўнічых работ, з якіх амаль палова – аб’екты на тэрыторыі Шумілінскага раёна. Гэта дазволіла прадпрыемству стабільна працаваць і ўмацоўваць свае пазіцыі на будаўнічым рынку вобласці.

Дырэктар Шумілінскай ПМК-70 Аляксей Крыўко

Не сакрэт, што паспяховасць любога прадпрыемства залежыць ад аб’ёмаў работы. У час рыначных адносін за права выконваць работы ідзе жорсткая канкурэнтная барацьба, у тэндарах і конкурсах бяруць удзел мноства арганізацый і прадпрыемстваў розных форм уласнасці. І кожны ўдзельнік робіць такія прапановы, каб заказчык выбраў менавіта яго.
У Шумілінскай ПМК-70 тэндарамі займаюцца спецыялісты вытворча-тэхнічнага аддзела, які ўзначальвае Л. Ф. Быкава. «На нашым прадпрыемстве выпрацаваны алгарытм работы па тэндарах, – пачала гутарку Лідзія Францаўна. – Юрыдычная служба адсочвае ўсе прапановы на сайце дзяржзакупак, затым камісія на чале з дырэктарам А. Ю. Крыўко калегіяльна прымае рашэнне па кожнай прапанове, і толькі пасля адабрэння за тэндар бярэцца вытворча-тэхнічны аддзел».
Сёлета Шумілінская ПМК-70 выйграла больш чым 80% тэндараў, у якіх ўдзельнічала. Прычым арганізацыя паспяхова змагаецца за будаўнічыя аб’екты не толькі ў нашым раёне, а і па ўсёй Віцебскай вобласці (Віцебск, Полацк, Лепель, Гарадок, Бешанковічы, Ушачы).
У нашым раёне было аб’яўлена 18 прапаноў, 16 з іх выйгралі шумілінскія будаўнікі. «Не трэба думаць, што будаўнічы рынак нашага раёна поўнасцю належыць нашаму прадпрыемству – падкрэслівае Лідзія Францаўна. – Жадаючых на аб’екты дастаткова. І з кожным годам канкурэнцыя ўзрастае. Сёлета, напрыклад, не змаглі «зачапіцца» за два обальскія аб’екты – капітальныя рамонты дзіцячага садка і шматкватэрнага дома па вуліцы Зяньковай».
Падрыхтоўка да ўдзелу ў тэндары – гэта вялізная праца кожнага работніка вытворча-тэхнічнага аддзела. Заказчык ужо не задаволены толькі зніжэннем кошту на выкананне работ. «Зразумела, у першую чаргу выстаўляем праектна-каштарысную дакументацыю, дзе прадугледжваюцца разнастайныя зніжкі, – расказвае Л. Ф. Быкава. – Але заказчыка цікавяць гарантыйныя тэрміны пасля завяршэння будаўнічых работ, умовы і тэрміны здачы, вопыт работ і водгукі на раней здадзеныя аб’екты, наяўнасць тэхнікі і кваліфікаваных работнікаў. Пралічыць усё, што зацікавіць заказчыка, практычна немагчыма. Так, ва Ушачах мы змаглі сябе цудоўна зарэкамендаваць, але ж прайгралі тэндар на будаўніцтва вуліцы ў райцэнтры. Асноўны канкурэнт прапанаваў заказчыку больш станоўчых водгукаў».
Не баяцца ў Шумілінскай ПМК-70 удзельнічаць у тэндарах, якія прама не звязаны з будаўнічымі работам. Так, напрыклад, вый-гралі работы на кансервацыю старога і будаўніцтва новага палігона адходаў полацкага прадпрыемства «Шкловалакно». Спецыфіка гэтага аб’екта, па словах Л. Ф. Быкавай, ва ўключэнні ў адначасовую работу вялікай колькасці тэхнікі. А тэндар шумілінцы выйгралі ў моцнага канкурэнта – «Віцебскаблдарбуду».
Лідзія Францаўна адзначае, што рынак патрабуе пастаяннай дынамікі, развіцця прадпрыемства. Зараз Шумілінская ПМК-70 мае атэстацыю на 3 і 4 класы складанасці будынкаў, гэта значыць мае права на работы максімум у пяціпавярховых дамах без ліфтаў. Цяпер прадпрыемства праходзіць атэстацыю на 2 клас складанасці, што да-зволіць весці работы ў будынках з ліфтамі да 9 паверхаў. І гэта ад-крые зусім новыя магчымасці і перспектывы для шумілінскіх будаўнікоў, гэта прамы шлях у гарады.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №95 ад 04.12.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *