Молодёжь говорит, каких объектов не хватает в Шумилино

Главное Дажынкі-2021 у Шуміліне Молодёжь

Чаго не хапае ў Шуміліне?

Мы звярнуліся да маладых жыхароў райцэнтра з пытаннем: чаго, на іх думку, не хапае ў Шуміліне, каб жыццё ў ім было больш камфортным, разнастайным і цікавым, а сам горад быў больш прывабным?

Дар’я Навуменка:
– У плане добраўпарадкавання хочацца паболей асветленых вуліц (не толькі ўздоўж дарог), каб парк быў больш асветленым. Не хапае акуратных арыгінальных лавачак, каб моладзь не хавалася па аўтобусных прыпынках і альтанках… Яшчэ вельмі хацелася б, каб добраўпарадкавалі загс і тэрыторыю вакол яго. Ва ўсіх гарадах загс – як правіла, адно з самых прыгожых месцаў…

Марыя Талсташова:
– На жаль, у нас у Шуміліне няма добрага дастойнага месца, куды пайсці развеяцца моладзі. Маю на ўвазе культурна-забаўляльны цэнтр. Хацелася б невялічкую, месцаў на 20-30, кіназалу, прасторную ўтульную кавярню. Вельмі запатрабаваны быў бы боўлінг, ну хаця б на пару дарожак…

Анжэла Авяр’янава:
– Я ведаю, што маладзі хочацца многага: каб хутчэй адрамантавалі раённы цэнтр культуры, зрабілі ў парку ці ў любым іншым месцы ў цэнтры Шуміліна дзіцячае кафэ, давялі да ладу будынак былога магазіна «Гародніна-садавіна», разбілі новыя міні-паркі.

Аляксандр Ляўша:
– Трэба перш за ўсё адрамантаваць тратуары і дарогі, пафарбаваць фасады дамоў. Хацелася б пабачыць добраўпарадкаванне ў шумілінскім парку. А яшчэ трэба давесці да ладу царкву Мікалая Цудатворцы, яна ж стаіць у цэнтры і многія госці падчас «Дажынак» захочуць наведаць храм.

Галіна Семчанка:
– Мне хацелася б, каб да «Дажынак» у нашым горадзе адкрылі прытулак для бяздомнай жывёлы. Гэта праблема з’яўляецца вельмі актуальнай. Па розных прычынах каты і сабакі аказваюцца на вуліцы, і яны зусім не гатовы да новых умоў выжывання. Так, ёсць неабыякавыя людзі, якія дапамагаюць гаротнай жывёле, але гэта не паляпшае сітуацыю. Неабходны прытулак, які спецыялізуецца на рашэнні праблемы.

Вольга Скорынава:
– У нашым Шуміліне нядрэнна было б пабудаваць веладарожкі.

Вікторыя Бяляева:
– У нашым гарадку для моладзі не хапае забаўляльнага клуба. Для таго, каб спяваць у караоке, гуляць у боўлінг або адзначыць кампаніяй падзею, трэба ехаць у Віцебск ці Полацк. Раней быў «Караван», які ладзіў арыгінальныя праграмы для моладзі. Пасля яго закрыцця гэта ніша ў Шуміліне зусім не занятая, а нам, маладым, хочацца культурна адпачываць.

Дзмітрый Ананьеў:
– Я звычайна працую да 21.00. Скажыце, куды мне пасля работы можна пайсці са сваёй дзяўчынай? Кафэ, якіх няшмат у райцэнтры, увечары не працуюць, дом культуры на рамонце. А так хочацца запрасіць дзяўчыну ў кіно, нават не на прэм’еру, у Шуміліне. Скажу яшчэ пра парк: ліхтары толькі ля ФАЦа свецяць, неяк у цемры не зусім зручна сядзець. Ды і фантан ля бібліятэкі трэба зрабіць прыгожым і дагледжаным, каб каля яго кожнаму хацелася б сфатаграфавацца.

Бліц-апытанне праводзілі
Алена КАРПУШЭНКА, Ларыса ЗАЙЦАВА, Аліна ПЯТРОВА і Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №96 ад 08.12.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *