К 95-летию нашего земляка Героя Советского Союза Н. К. Спириденко

Край шумілінскі

Баявы лётчык Спірыдзенка
Учора нашаму земляку Герою Савецкага Саюза генерал-маёру Мікалаю Кузьмічу Спірыдзенку споўнілася б 95 год.
Нарадзіўся ён ў вёсцы Беразугі (існавала побач з вёскай Мясаедава Лаўжанскага сельсавета)  30 снежня 1916 года (12 студзеня 1917 г.). Вучыўся ў Мясаедаўскай школе. Пасля заканчэння 7 класаў школы паступіў у фінансавы тэхнікум у Віцебску, у гэты ж час вучыўся ў Віцебскім аэраклубе. Працоўную дзейнасць пачаў бухгалтарам на фабрыцы “Дзвіна” у Віцебску.  Але малады хлопец марыў быць лётчыкам.
У 1937 годзе Мікалай прызваны ў Чырвоную Армію і накіраваны ў Барысаглебскую ваенную авіяцыйную школу лётчыкаў, якую скончыў у 1938 годзе. Малады лётчык накіраваны ў Прыбалтыйскую асобную ваенную акругу.
Удзельнічаў у савецка-фінляндскай вайне 1939-1940 гадоў, ваяваў у складзе 49-га знішчальнага авіяцыйнага палка. На знішчальніку І-16 зрабіў некалькі баявых вылетаў, збіў адзін самалёт праціўніка.
Ужо ў чэрвені 1941 года лейтэнант Спірыдзенка ваюе на Паўночна-Заходнім фронце, потым удзельнічае ў бітве пад Масквой, Сталінградскай бітве, бітве на Курскай дузе. У  маі 1944 – сакавіку 1945 гадоў маёр М. К. Спірыдзенка – камандзір авіяцыйнай эскадрыллі  172-га знішчальнага палка (309-я знішчальная авіяцыйная дывізія, 4-я паветраная армія, 2-гі Беларускі фронт). Да лістапада 1944 года М. К Спірыдзенка здзейсніў 337 баявых вылетаў, правёў 85 паветраных баёў, у якіх збіў асабіста 15 і ў групе 6 варожых самалётаў.
За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, Указам Прэзідыўма Вярхоўнага Савета СССР ад 23 лютага 1945 года маёру М. К. Спірыдзенку прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля “Залатая Зорка” (№5364).
Вайну маёр Спірыдзенка закончыў на пасадзе камандзіра 172-га знішчальнага авіяцыйнага палка. Усяго за гады вайны Мікалай Кузьміч зрабіў 350 баявых вылетаў на знішчальніках І-16, МіГ-3, Як-9 і Як-3, правёў каля 90 паветраных баёў.
У 1950 годзе ён закончыў Ваенна-паветраную акадэмію (Моніна), у 1957 годзе – Ваенную Акадэмію Генштаба. Быў камандзірам авіяцыйнай дывізіі, са жніўня 1959 года – выкладчык, затым начальнік факультэта Ваеннай акадэміі імя Ф. Э. Дзяржынскага. У 1961 годзе прысвоена вайсковае званне генерал-маёра. З 1970 года генерал-маёр М. К. Спірыдзенка – у запасе.
Жыў у Маскве, памёр 27 снежня 1980 года, пахаваны на Кунцаўскіх могілках.
Узнагароджаны ордэнам Леніна, двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнамі Суворава 3-й ступені, Айчыннай вайны 1-й ступені, трыма ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі.
Падрыхтаваў Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №4 ад 12.01.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *