Рукавічка дабрыні
У гэтыя пераднавагоднія дні маленькіх радасцей і цудаў чакаюць не толькі дзеці. Дарослым, асабліва людзям сталага ўзросту, якія па волі лёсу засталіся без увагі і клопату родных, таксама хочацца адчуць святочны настрой. І як добра, што ў нас шмат чулых і спагадлівых людзей, якія ў гэтыя мітуслівыя перадсвяточныя дні думаюць не толькі пра сябе, але і пра бліжніх!
Вось і ў Мішневіцкім аддзяленні кругласутачнага знаходжання грамадзян сталага ўзросту і інвалідаў, дзе зараз пражывае 26 чалавек, у гэтыя снежаньскія дні пастараліся стварыць святочны настрой, атмасферу па-дамашняму цёплай і ўтульнай. «У гэтым нам дапамаглі нашы сябры, і мы ім за гэта вельмі ўдзячныя, – расказала загадчыца аддзялення Аксана Сталярова. – Вельмі дарэчы прыйшліся ўсім рукавічкі дабрыні з пажаданнямі і салодкімі пачастункамі ад мішневіцкіх школьнікаў».
Не першы год атрымлівае аддзяленне і падарункі ад шумілінскіх выратавальнікаў. Сёлета яны перадалі ў Мішневічы бандэроль, у якой мандарыны, брашуры з правіламі пажарнай бяспекі і пажаданні бяспечнага Новага года!
Чакаюць тут і падарункі ад мясцовай гаспадаркі. Яны таксама кожны год прыходзяць у госці з прыемнымі сюрпрызамі.
Алена КАРПУШЭНКА.